Знойдзены парэшткі пелікана, якому 30 мільёнаў гадоў

Пеліканы мелі вялізарную дзюбу ўжо мільёны гадоў таму – пра гэта сведчаць акамянелыя парэшткі птушкі, знойдзеныя ў паўднёва-заходняй Францыі. Цікава, што гэта самы старажытны з вядомых пелікан меў амаль такую ж дзюбу, як і сучасныя віды сямейства.

Гэта значыць, што як мінімум будова галавы гэтых птушак не змянялася з эпохі алігацэну, паведамляюць у сваім артыкуле даследчыкі ў часопісе Journal of Ornithology.
Д-р Антуан Лушар (Dr Antoine Louchart) з Ліонскага ўніверсітэту (Францыя) адкрыў невядомыя для навукі акамянелыя парэшткі пад час прагляду калекцыі свайго сябра і прыватнага калекцыянера акамянеласцяў. Той, у сваю чаргу, купіў іх у іншага калекцыянера, які і знайшоў парэшткі пелікана яшчэ ў 1980я гг.
"Я быў здзіўлены тым, як выдатна захавалася галава пелікана. Дзякуючы структуры вапняка бачныя нават дробныя дэталі.” – сказаў д-р Лушар.
Прэгістарычны пелікан памерамі падобны да найменшага сучаснага віду і таксама адносіцца да таго ж роду - Pelecanus.
Даўжыня цела ад канца дзюбы да канца хваста каля 100-120 см, размах крылаў, напэўна, быў каля 2 м.
 

Выдатна захаваныя парэшткі 30 см дзюбы паказваюць, што яна мела спецыяльны злучальны сустаў, які дазваляў абодвум палавінам рассоўвацца і змяшчаць больш рыбы ў мяшку.
"Марфалагічна будова дзюбы вельмі нагадвае сем сучасных відаў, аднак прапорцыі розных частак трошкі адрозніваюцца ад сучасных, таму, хутчэй за ўсё, мы знайшлі новы від” – сказаў д-р Лушар.
Гэтае адкрыццё здзівіла навукоўцаў, бо даказвае, як мала змянілася будова пеліканаў за апошнія 30 мільёнаў год. Такое пастаянства будовы можа быць звязана з тым, што ўжо тады ўзнікла амаль ідэальная схема птушкі з вялікай дзюбай, якая магла добра лятаць. Таму вялікія змены ў ёй без шкоды адной з гэтых двух рысаў не маглі адбыцца.
На сённяшні дзень навукоўцам вядома няшмат такіх жывёл, якія змаглі амаль не змяняцца мільёны гадоў. Яшчэ адной падобнай групай ёсць кажаны, галоўныя прапорцыі цела якіх склаліся як мінімум 50 мільёнаў год. 
 

Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Тысячы новых відаў адкрыты на працягу аднаго году