Выратаваць самую рэдкую качку на Свеце

    Самыя першыя крокі былі зроблены ў рамках міжнароднага праекту, каб выратаваць самы рэдкі від качак у Свеце – крытычна пагражаемага мадагаскарскага нырка.
На пры канцы 1990х гадоў гэты від качак пачалі лічыць зніклым, але ў 2006г. атрымалася іх “пераадкрыць”, і від адразу атрымаў статус крытычна пагражаемага. Ныркі адзанчаны толькі на адным вулканічным возеры на Мадагаскары.
Раней у гэтым годзе камандзе даследчыкаў з Wildfowl & Wetlands Trust (WWT) і Durrell Wildlife Conservation trust удалося ўбачыць толькі шэсць самак гэтага віду.

     Аднак найгоршым было тое, што некалькі іх птушанят ва ўзросце некалькі тыдняў былі знойдзены мёртвымі. Тады і было прынятае рашэнне спрабаваць дапамагчы качкам з дапамогай іх развядзення ў няволі.Пад час усяго сезону гнездавання навукоўцы назіралі за птушкамі, і як толькі трое з усіх самак былі гатовы да адкладкі яек, адмысловая каманда з WWT і Durrell Wildlife Conservation trust адразу прыляцела на Мадагаскар. Галоўнай мэтай стала знайсці гнёзды і забраць свежыя кладкі, каб вывесці птушанят у інкубатары, тым самым зменшыўшы прыродныя небяспекі для будучых птушанят і самак.
   Аднак з самага пачатку экспедыцыя сустрэлася з непрадугледжанымі цяжкасцямі. Адзін з чальцоў каманды, Глін Янг (Glyn Young) з траста Дарэла, распавёў: “Гэта была гонка з часам – нам было неабходна сабраць каманду і абсталяванне на возеры перад тым, як яйкі пачалі б наседжвацца птушкамі. Сітуацыя пачала ўскладняцца перад самым нашым прылётам на востраў – працяглая навальніца затрымала нашу пасадку. Пасля агляду ўсяго абсталявання мясцовымі мытнікамі, мы былі вымушаныя чакаць тры дні, пакуль адрамантуюць адзіны мост, які дае магчымасць даехаць да возера. Як бы гэтага было мала, калі мы нарэшце дабраліся на месца, ўся каманда захварэла!”
Мясцовы гатэль быў прыстасаваны пад часовы цэнтр развядзення качак, і ў кастрычніку атрымалася знайсці і забраць кладку мадагаскарскіх ныркоў, каб гадаваць качанят у штучных умовах.
Калі нарэшце качаняты вылупіліся ў інкубатары ў намёце на беразе возера, іх прыйшлося яшчэ восем гадзін перавозіць на джыпе ў цэнтр развядзення ў гатэлі.
    “Гэта толькі першы крок на доўгім шляху ратавання віду.” – сказаў Пітэр Крэнсуік (Peter Cranswick) з WWT. “Складаная сітуацыя вымусіла нас на імправізацыі і зусім не запланаваныя адкрыцці – аднак у наступным годзе магло б быць проста за позна што-небудзь рабіць. Цяпер гэтыя качаняты паслужаць пачаткам 20-30ці гадовай праграмы па ратаванню віду, пад час якой акрамя развядзення качак у няволі і іх рэінтрадукцыі ў прыроду, трэба ўзнавіць водна-балотныя ўгоддзі ў рэгіёне”.
    Восем качанят, якія прадстаўляюць вялікую долю папуляцыі мадагаскарскага нырка (бо ў 2008г. было ўлічана толькі 25 птушак), пачуваюцца добра. Аднак праца толькі пачалася, бо каманда з Вялікабрытаніі цяпер хоча выратаваць яшчэ 2 кладкі ныркоў на працягу наступных тыдняў.
 

Здымак WWT
 

Паводле www.birdwatch.co.uk і www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments