Зіме канец – вясна прыляцела!

 

Некалькі незвычайна цёплых для канца студзеня дзён разам з дажджамі дапамаглі знішчыць амаль увесь снег не толькі ў Гродна, але і на палетках ажно да мяжы з Мінскай вобласцю. Звычайна, калі гэта здараецца на прыканцы лютага, мы ўжо бачым першых вясновых мігрантаў: шпакоў, кнігавак і палявых жаўрукоў. Аднак сёлета першыя вясновыя птушкі аказаліся для Беларусі шэрымі гусямі (Anser anser)!

Сёння, пад час паездкі ў пойму Свіслачы, нам атрымалася адзначыць першых 6 шэрых гусей, якія адпачывалі і харчаваліся побач з 4 лебедзямі-клікунамі (Cygnus cygnus). Учора менавіта шэрыя гусі былі зарэгістраваны не так далёк ад нас – у пойме р.Бебжы, што ў Падляскім ваяводзтве Польшчы. І вось першыя для нашай краіны мігранты даляцелі і да нас. 

Лебедзі-клікуны і шэрыя гусі (з правага боку за лебедзямі).

Акрамя гусей, у некалькіх месцах навокал адпачывалі і ўзмацнялі свае ўзаемаадносіны і лебедзі-клукуны. Звычайна некалькі дзесяткаў гэтых птушак зімуюць паблізу на нізінным балоце Грайна, або даядаюць пазасталую кукурузу на навакольных палях. Аднак сёлета моцныя маразы і глыбокі снег вымусілі птушак адляцець на нейкі час, каб цяпер з гучнымі характэрнымі крыкамі вярнуцца – менавіта на гэтым балоце, ў арніталагічным заказніку “Свіслач”, апошнія гады гняздуе 2 пары клікуноў. Цікава, што лебедзі-бацькі да пачатку новага сезону гнездавання мусяць растацца з вывадкам з папярэдняга году. Але не ва ўсіх пар гэты працэс ідзе адначасова: сёння мы бачылі і толькі дарослых птушак, і асобна толькі маладых, і сем’і з шэрагаловымі птушанятамі:

А на Нёмане ў межах Гродна нам пашчасціла назіраць ажно дзве вялікія белыя чаплі (Egretta alba). У невялікай колькасці від можа зімаваць у нас, але на працягу халоднай часткі зімы мы яго не назіралі на Гарадзеншчыне. Так што гэтыя птушкі таксама прыляцелі сюды менавіта з пачаткам ранняй вясны:

Якія з цікавых зімуючых відаў птушак і дзе былі адзначаны ў Беларусі, можна паглядзець у нашай табліцы ТУТ. А мы вымушаны ў хуткім часе адкрываць для запаўнення Вашымі назіраннямі новую, але ўжо Вясновую табліцу прылётаў. Вынікі і даты для параўнання для розных відаў для вясны-2015 – ТУТ.

Віншуем усіх з вясной і новым сезонам!

Дзьмітры Вінчэўскі,

здымкі аўтара

 

Comments

12.02.2016 г. д. Залесье, Пружанский район

активно кричат серая неясыть, воробьиный сыч, мохноногий сыч. (Прокопчук Вадим, Сидорук Сергей)

Ананім (госць) - 16.02.2016 - 23:01

In reply to by Harrier

яны і зімаваць могуць у невялікай колькасці. Адзін з ніх магчыма. Цікава канешне самец ці самка. Звычайна самкі зімуюць бо грубшыя. ав

Ну вось і першыя кулікі:

пр. 50 залацістых севак (Ю.Лукашэнка і Дз.Вінчэўскі)

і пр. 40 кнігавак (Дз.Вінчэўскі, Ю.Лукашэнка і М.Гулінскі).

19-02-2016, Бераставіцкі раён Гарадзеншчыны.

Сёння было ў нас +3 +6С і моцны паўночны вецер. У Гродзенскім і Бераставіцкім раёнах пачулі і ўбачылі адзінкавых палявых жаўрукоў, першы нават спяваў!

На Нёмане ў дадатак да зімовых качак былі 16 чубатых ныркоў (амаль усе - самцы) і вялікі баклан у амаль брачным пяры, паблізу з ракой праляцелі 3 гуся. На вадасховішчы (цалкам адкрытым ад ільду) таксама сярод зімовых качак тры чубатых нырка і 1 вялікая белая чапля, паблізу праляцеў шэры журавель.

У пойме Свіслачы крычалі 2 пары шэрых жураўлёў і пераляталі сотні кнігавак і залацістых севак. Некаторыя з кнігавак актыўна такуюць! больш фотак ТУТ

 

Шэры журавель ( Grus grus ), 25 лютага, Кобрынскі раён, птушкі адзначаны ў розных месцах, масава таксама палявыя жаўрукі ( Alauda arvensis ), рагатыя жаўрукі ( Eremophila alpestris ) - нечакана шмат птушак, адзначыў некалькі зграек ад 5 да амаль 100 птушак, пасля чаго інтарэс да іх знік - пры жаданні можна было пабачыць яшчэ столькі. Птушкі назіраліся ў пойме р. Мухавец. Сёння таксама пачуў першую такавую "дробь "  беласпіннага дзятла ( Dendrocopos leucotos ), новая для мяне тэрыторыя. Першая спроба спеву шэрага дразда ( Turdus viscivorus ). А. Кальчанка.

Ого, папёрла вясна ў вас! А ў нас сёння марозік і снегу трохі ляжыць. 

Алег, дадай, калі ласка, рэгістрацыі рагатых жаўрукоў у Клуб200 з месцамі і колькасцю асобна для розных зграек калі ў розных месцах і як адну - калі яны паблізу былі адна ад адной. Дзякуй!

Чорны дрозд ( Turdus merula ), па вяснавому крычыць і "барабаніць" зялёная жаўна ( Picus viridis ), у 18.50 пачаў пець пугач ( Bubo bubo ), 27 лютага, Кобрынскі раён, А. Кальчанка.

Сёння, 29-02-2015 ў Бераставіцкім раёне 2 групы гусей-гуменніц агулам пад 300 птушак, у другой было некалькі белалобых - абодва віды новыя для гэтай вясны. Ў пойме Свіслачы пад 1000 кнігавак, але больш іх нідзе не бачылі. Сядзяць невялікімі групамі і па адной, некаторыя такуюць.

На Нёмане ў Гродзенскім раёне ўжо пад 70 вялікіх бакланаў, большасць з белымі галовамі, каля 50 чубатых-ныркоў,  на вадасховішчы пад Карозічамі мін 1 самец качкі-свіцьвы.

Дз.Вінчэўскі і Ю.Лукашэнка.

Фоты дадам - калі нейкія атрымаліся, ўвечары.