Палявы лунь знікае ў Англіі

    Адзін з найбольш рэдкіх відаў англійскіх драпежных птушак – палявы лунь – пасля вельмі кепскага сезону размнажэння сёлета амаль знік тут як гняздуючы від.
Толькі 6 пар паспяхова гнездавалі ў гэтым годзе ў Паўночнай Англіі, гэта пагоршыла і так цяжкае становішча віду пасля халоднай зімы і магчымага недахопу ежы вясною. Некаторыя пары гнездавалі няўдала, а паспяховыя паставілі на крыло менш птушанят, чым звычайна. Пара на гнездаванні ў новым месцы была адзначана толькі ў Паўднёвай Англіі.

    І хаця сёлетнія няўдачы ў гнездаванні лунёў не былі злучаныя з нелегальным адстрэлам птушак або знішчэннем іх гнёзд, менавіта гэтая нелегальная дзейнасць людзей прывяла да таго, што від апынуўся ля мяжы знікнення. І таму, як вынік, мясцовая папуляцыя аказалася вельмі ўразьлівай на натуральныя перашкоды ў размнажэнні.
Д-р Марк Эверы (Dr Mark Avery), дырэктар RSPB па ахове прыроды, сказаў: “Мы заўсёды былі занепакоеныя, што ў такім кепскім становішчы англійская папуляцыя можа яшчэ больш зменшыць сваю колькасць у такі кепскі з натуральных прычын год. У Англіі не павінна быць месца, дзе можа адбывацца незаконнае забойства драпежных птушак. Уладальнікі зямлі і іншыя стралковыя групы павінны паказаць сваё жаданне да супрацы і пачаць супрацоўнічаць з Natural England, RSPB і BASC каб знайсці легальнае рашэнне праблемы”.
    Зародак надзеі на магчымасць выратавання віду дае сёлетняя знаходка гняздуючай пары палявога луня на зерневым полі ў Паўднёвай Англіі. І хаця ў папярэднія гады былі адзначаныя дзве іншыя спробы гнездавання ў гэтай мясцовасці, выпадак гнездавання віду менавіта сярод зерневых – сапраўды першы. З дапамогай фермера мясцовыя бёдуотчары змаглі адсачыць нюансы паводзінаў пары, якая паспяхова вырасціла адно птушаня.
   Д-р Том Цью (Dr Tom Tew), навуковы кіраўнік у Natural England, сказаў: “Гэтае ізаляванае месца гнездавання палявога луня ў Паўднёвай Англіі ўтварыла далёкі выступ з асноўнага сучаснага арэалу віду. Часам адзінкавыя птушкі на нейкі час ранняй вясною прыпыняюцца тут у падыходзячых біятопах, аднак не знаходзяць сабе партнёра. Бо вядома, што нашы палявыя луні маюць моцную тэндэнцыю вяртацца ў тыя горныя мясціны, дзе з’явіліся на свет самі.” 
 

Здымак самкі палявога луня  rspb-images.com

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

Больш на гэту тэму:
Чырвоны каршун апынуўся ў клопатах