НЕКАТОРЫЯ АСПЕКТЫ ГНЕЗДАВЫХ ПАВОДЗІН КУЛІКА-МАРАДУНКІ (XENUS CINEREUS) НА ПОЎДНІ БЕЛАРУСІ

07.11.2011 - 16:01 | Kiolk

    Кулік-марадунка (Xenus cinereus) - невялікі кулік, які адзначаны ўпершыню на гнездаванні на тэрыторыі Беларусі ў 1926 годзе [1]. Гнездавыя паводзіны віда слаба даследаваны ў сувязі з адсутнасцю сістэматычных даследаванняў біялогіі гнездавання  ў межах асноўнай часткі гнездавога арэала на тэрыторыі Расіі [2]. Беларуская папуляцыя ацэньваецца ў  200 пар, што з’яўляецца добрай падставай для вывучэння аспектаў гнездавых паводзін куліка-марадункі [3,4]. Від занесены ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь і мае ІІІ катэгорыю аховы [4].

 

Усталёўка камеры на гняздо куліка-марадункі

Даследаванне гнездавых паводзін куліка-марадункі праводзілася ў 2010-2011 гг. на поплаўным лузе ў ваколіцах г. Тураў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Для індывідуальнага адрознівання праводзіўся адлоў і каляровае мечанне  птушак на гнёздах. На працягу даследавання праводзіліся назіранні  і адсочванне паводзін птушак з выкарыстаннем аптычных прыстасаванняў, а таксама сродкаў відэа- і гуказапісу. На працягу 2 гнездавых сезонаў атрымалася пракантраляваць 6 гнёзд (3 гнязда ў 2010 г. і 3 гнязда ў 2011 г.).

Даследаваныя ў 2011 г. гнёзды размяшчаліся ў непасрэднай блізасці ад гнёздаў 2010 г., так 2 гнязда ў 2011 г. знаходзіліся на адлегласці не больш 2 м. ад мінулагодніх, а 3-яе гняздо было аддалена на 70 м. Ва ўсіх гнёздах у 2011 г. адзначаны памечаныя каляровымі кольцамі самцы, якія займалі тыя ж тэрыторыі ў 2010 г. Атрыманыя звесткі дазваляюць сцвярджаць, што самцы праяўляюць значны гнездавы кансерватызм, займаючы з года ў год адныя і тыя ж тэрыторыі, межы якіх яны на працягу гнездавога сезона пазначаюць голасам.

   Ва ўсіх даследаваных гнёздах у розныя сезоны былі адзначаны розныя самкі, пры гэтым ніводнай пазначанай у 2010 г. самкі не было выяўлена ў гнёздах у 2011 г. Гэтыя дадзеныя ўказваюць на тое, што кулікі-марадункі не ўтвараюць сталых пар. Адказ на пытанне дзе адбываецца фарміраванне пар – на месцах гнездавання ці на месцах зімовак – патрабуе дадатковых даследаванняў. Не высветленным застаецца і характар гнездавога размяркавання самак.                                        

У наседжванні ўдзельнічаюць самец і самка, але самка ў большай ступені. Пад час знаходжання на гняздзе самцы  таксама перыядычна вакалізуюць. На першых стадыях наседжвання патурбаваныя птушкі моўчкі злятаюць, вяртаючыся на гняздо праз 7-10 хвілін, на апошніх стадыях наседжвання і на першы дзень з’яўлення птушанят птушкі лётаюць у непасрэднай блізасці ад гнязда з крыкамі небяспекі. Такім чынам ступень турбавання бацькоў каля гнязда павялічваецца на працягу наседжвання. Вылупленне птушанят у 2011 г. ва ўсіх трох гнёздах адбылося  амаль сінхронна - на працягу 3 дзён, што сведчыць аб тым, што да гнездавання птушкі прыступілі ў адзін час.

Атрыманыя звесткі не толькі асвятляюць некаторыя моманты гнездавых паводзін куліка-марадункі, але даюць падставы вылучыць шэраг гіпотэз, праверка якіх будзе праводзіцца ў будучых даследаваннях.

Спіс літаратуры

1.  Федюшин А.В., Долбик М.С. Птицы Белоруссии / А.В. Федюшин, М.С. Долбик. - Минск, 1967. - 519 с.

2. Golovatin, M. Updated breeding range of the Terek Sandpiper Xenus cinereus with additional data on nest densities / M. Golovatin, V. Meissner, S. Paskhalny // Wader Stady Group Bulletin. – 2010. – Vol. 117, № 3. – P. 157-162.

3. Cramp S. Handbook of the birds of Europe, the Middle East and North Africa / S. Cramp, K.E.L. Simmons. – Oxford University Press, Oxford. – 1993. – Vol. III: Waders to Gulls. – 914 p.

4. Красная книга Республики Беларусь. Редкие и находящиеся под угрозой  исчезновения виды диких животных и растений / редколл. Л.И. Хоружик [и др.]. – Минск: Беларуская Энцыклапедыя, 2004. – Том  №1.– 318 с.

 Terek Sandpiper (Xenus cinereus) population in Belarus is good object for study of breeding behavior. It is estimated around 200 breeding pairs. Period of our investigation was 2010-2011. Birds formed a pair for one breeding season only. Males occupied the same breeding territory every year. Females selected the territory occupied by male. The rate of anxiety was increased over a clutching period.

Шурлей-Келянска А., арнітолаг, Уроцлаў, Польша, e-mail: a.szurlej@gmail.com

Сліж Я.А., малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі ДНВА “НПЦ па біярэсурсам НАН Беларусі”, Мінск, Беларусь, e-mail: yaslizh@gmail.com

Карліонава Н.В., к.б.н., навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі ДНВА “НПЦ па біярэсурсам НАН Беларусі”, Мінск, Беларусь, e-mail: karlionova@tut.by 

Пінчук П.У., навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі ДНВА “НПЦ па біярэсурсам НАН Беларусі”, Мінск, Беларусь, e-mail: ppinchuk@mail.ru

 Апублікавана: Шурлей-Келянска А., Сліж Я.А., Карліонава Н.В., Пінчук П.У. Некаторыя аспекты гнездавых паводзін куліка-марадункі (Xenus cinereus) на поўначы Беларусі // Мат. VII межд. научно-практ. конф. “Актуальные проблемы экологии” Гродно, 26-28.Х. 2010. Гродно: ГрГМУ- 2011, с. 118-119

Заўвага: Пры напісанні тэзісаў адбылася абдрукоўка, замест "на поўдні Беларусі", у назве напісана "на поўначы Беларусі".

Здымкі Дзьмітрыя Якубовіча, Wojciech Rygielsk

Comments