Першы погляд на даведнік пра птушак Беларусі на афіцыйным сайце АПБ

 Сёння ptushki.org анансаваў першы электронны вызначальнік птушак Беларусі на беларускай мове са здымкамі і запісамі галасоў, а таксама з тэкстамі, ўзятымі з палявога вызначальніка “Птушкі Еўропы” (Варшава, 2000). Акрамя беларускіх назваў усіх відаў птушак Беларусі на пачатак 2013 году, ў ім таксама прыведзены адпаведныя назвы на ангельскай, лацінскай і рускай мовах.

Аднак гэтая радасная навіна азмрочваецца няпоўнай адпаведнасцю назвы “вызначальнік” прадстаўленаму напаўненню. Наўрацці таму, хто пачынае назіраць птушак, значна дапаможа алфавітны спіс відаў ці невялічкія здымкі пры назве кожнага сямейства, каб вызначыць тое, што ён бачыў ці сфатаграфаваў. 

Для больш дасведчаных назіральнікаў карыснымі былі б больш падрабязныя апісанні тых рысаў, па якіх дадзены від адрозніваецца ад іншага падобнага. Ды і змешчаныя ў вызначальніку здымкі ніяк не падзелены для птушак з полавым і ўзроставым дымарфізмам. Акрамя гэтага, на мой погляд, невялікая колькасць здымкаў і іх невялікі памер наўрацці могуць кампенсавацца лінкамі ў Галерэі іншых сайтаў.

Цікава, што калі для арла-карліка сярод падобных відаў названыя канюх-мышалоў і асаед, то для канюха-мышалова ўжо толькі канюх-курганнік і касматаногі канюх.

На жаль, не абыйшлося і без памылак у беларускіх і расійскіх назвах птушак.

Для некаторых відаў аўтарства здымкаў, яўна адсканаваных з кнігі Никифорова с соавт. (1989) (Птицы Белоруссии. Справочник-определитель гнезд и яиц) не ўказанае, як і іх крыніца.  

Напэўна, пры больш пільным праглядзе можна знайсці больш недахопаў. Але тое, што такі даведнік нарэшце з’явіўся ў Сеціве, можна толькі вітаць! Cпадзяемся, што вызначальнік птушак на нашым сайце пазбегне названых недахопаў і стане карысным не толькі пачаткоўцам, але і дасведчаным бёдуотчарам. Застаецца знайсці грошы для яго стварэння.

Скрын-шот з www.ptushki.org 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by  

Comments

Yavorets T - 03.09.2013 - 22:15

 Вельмі добрая навіна. Што вызначальнік  стане карысным для пачаткоўцаў, можна не сумнявацца:). І недахопы мы шукаць не будзем:), гэта ўжо ў кампетэнцыі больш дасведчаных бёдуотчараў.

 Шмат што для прыцягнення ўвагі і рэкламы значыць слова "першы". Напэўна, таму і выкарыстана слова "вызначальнік", бо як даведнік на беларускай мове ён не першы (?). А першы вызначальнік яшчэ наперадзе.

Вельмі лёгка крытыкаваць тое, над чым не працавалі. Я сачу за вашым сайтам ужо некалькі год, але акрамя назвы вызначальнік у радку верхняга меню з адным відам (малая крычка - дзе няма ніводнага здымка) я нічога так і не ўбачыў. Вось гэта і стала прычынай (адсутнасць электроннага вызначальніка) стварэння рэсурса ptushki.org/guide . Можна весці бясконцыя войны паміж бу бай і птушкі орг, як вы гэта робіце на працягу некалькіх год, але гэта не дапаможа стаць лепей ні першым, ні другім. Лепей калі вы дашлеце мне на эмэйл esculapweb@gmail.com спіс памылак ды недахопаў, я з вялікай радасцю іх выпраўлю. 

 

PS Наконт невялікіх памераў здымкаў - кожны здымак віда павялічваецца да памеру 600x400 кропак, аб гэтым нават сведчыць тэкст над здымкам "Клікніце, каб павялічыць!". Калі вы лічыце, што гэты памер недастатковы - скажыце калі ласка які памер дастатковы на ваша меркаванне. 

 Крытыка бывае дзеля крытыкі і т.зв. справядлівая - г.зн.тая, якая сапраўды паказвае на тыя недахопы, якія існуюць. Я стараўся ў артыкуле прытрымлівацца другой.

Для таго, каб падрыхтаваць вызначальнік (на сайце), мы і збіраем здымкі, відэа, назіранні, артыкулыпра цікавыя асаблівасці  біялогіі і экалогіі розных відаў усе гэтыя гады. Аднак і звядзення ўсяго гэтага ў адным месцы (у раздзеле "вызначальнік") мала, каб называць гэтыя звесткі вызначальнікам. Патрэбна праграма пошуку па комплексу рысаў, якая б выводзіла на адзін або групу відаў (т.зв. ключы), дзе ўся гэтая назапанашаная інфармацыя дапамагала б вызначыць птушку. Акрамя гэтага трэба пісаць і адмысловыя тэксты, якія дапамагалі б у вызначэнні. І калі з назапашваннем даведачнай інфармацыі больш-менш справа рухаецца (паступова павялічваецца колькасць відаў на здымках і відэа і назіранняў), то на ўсё іншае патрэбныя іншыя рэсурсы, якіх пакуль не маем. Аднак ёсць цікавыя ідэі, як можна (сапраўдны) вызначальнік стварыць, таму - калі атрымаецца - можа і пачнем гэта рабіць у наступным годзе. І Ваш досвед - як праграміста і бёдуотчара - таксама не будзе лішнім. Як і іншых нашых карыстальнікаў - мы адкрыты для супрацоўніцтва.

Наконт вайны сайтаў. Пачалі яе не мы, бо мы пачалі працаваць прыкладна на паўгады раней, чым адноўленая версія птушкі.орг. Спрабаваць ігнараваць наша існаванне можна, але тое, што два сайты з рознай арыентацыяй на ўдзел у іх карыстальнікаў лепш, чым адзін, у мяне, напрыклад, не выкліікае сумневаў. Лепш для карыстальнікаў, канешне.

Наконт недахопаў у даведніку, якія можна выправіць. Гэта даволі вялікая праца - бо трэба праглядаць усе відавыя нарысы. Тое, што было на паверхні або трапіла на вока пад час павярхоўнага прагляду, я ўжо напісаў вышэй. Трошкі больш падрабязна змагу напісаць у бліжэйшыя дні. Памер здымкаў аптымальна на ўвесь экран, але 900 пікселяў па доўгаму боку, канешне, значна лепш, чым 600.

А тое, што створаны Вамі даведнік не ёсць вызначальнікам, я думаю, Вы і самі  разумееце. Але адмаўляць яго карысць не мае сэнсу. І я толькі вітаю яго стварэнне і ўдзячны за выкладванне відавых нарысаў з "Птушак Еўропы", большую частку якіх некалі сам перакладаў з польскай для гэтага выдання.

 пропало все, что набирал, поэтому в этот раз выскажусь коротко. Вось прыклад вызначальніка http://www.rspb.org.uk/wildlife/birdidentifier/ У ім ёсць ключы з дапамогай якіх адсякаюцца непатрэбныя віды. Вы з камандай зрабілі добрую вялікую працу, вельмі патрэбную. Не ведаю іншай такой пра птушак Беларусі. Але гэта даведнік па птушках, не вызначальнік. Розніца невялікая, але істотная. Крытыка можа і злая, але канструктыўная, наконт памеру здымкаў неадпаведная і трэба яе паправіць. Дзякуй за працу!

Esculapweb, зараз калі на сайце ёсць фотаграфіі і інфармацыя аб усіх птушках Беларусі можна зрабіць на галоўнай старонцы раздзел ПТУШКА ДНЯ з невялічкай фотаграфіяй і лінкам на інфу ў даведніку. Птушак выбіраць выпадкова, але за год каб амаль не паўтараліся.ав

Esculapweb - 12.09.2013 - 10:06

In reply to by Ананім (госць)

 Добрая парада, я ўжо нават працую над гэтым, зрабіць гэта раней мне параіў чалавек з нашай каманды стваральнікаў (не ведаю, з вашай нагоды ці так проста супала). Згодны, што яго яшчэ трэба дапрацаваць, каб ён стаў вызначальнікам у тым сэнсе, што бачыце вы, але над гэтым мы таксама працуем. Я быў бы вельмі удзячны каб той, хто будзе чытаць гэты каментар, калі будзе глядзець www.ptushki.org/guide і знойдзеце памылку - націсніце CTRL+ENTER і паведаміце аб памылцы, ці ў вас з'явяцца цікавыя ідэі - пішыце на esculapweb@gmail.com ці info@ptushki.org. Дзякуй.