З 13.30 да 17.00, удзень да +5С, пахмурна
Зіма вярнулася, але сьнег ляжыць зусім не трывала – адзін дождж і яго зноў не будзе. У лесе ж сьнегу амаль няма. Ад ст.маста да вусьця Гараднічанкі птушак амаль не было: 5 пар крыжанак і першая мая ў гэтым годзе белая пліска, якая сядзела на бэтоннай набярэжнай, але не пажадала здымацца і пераляцела на супрацьлеглы бераг Нёмана. На пагорку Каложы мітусьліва перабягалі, пераварочвалі старыя лісты і нешта пасьпешліва хапалі з дзесятак драздоў-піскуноў. З садоў на ўзбярэжнай Рыбачай вуліцы з крыкам пераляцеў некуды ў Каложскі парк сірыйскі дзяцел. За Гараднічанкай плавалі 2+3 дарослых і 3 маладых лебедзя-шыпуна, каля берагу і вострава сядзелі і плавалі каля 50 крыжанак і адна лыска. Там жа на беразе сядзела яшчэ адна белая пліска. За Новым мастом лес сустрэў разнастайнымі гукамі вялікіх і сівых сініц, якія шукалі павукоў ды жамяру пад апалымі лістамі і на галінках дрэваў. Тут збоку паказаліся на некалькі сэкунд два паўзункі, я нават пасьпеў навесьці на абодвух трубу. Але часу, каб прыставіць да трубы фотаапарат ужо не хапіла – было заблізка, ды і птушкі хутка падымаліся вакол дрэва. Я ўжо пераключыў увагу на сініц, якія прыгалі па зямлі і галінках навокал, як заўважыў прама перад сабой м у 20 паўзунка на ствале аднаго з двух амаль паралельных дрэваў. Такі шанец не вольна было змарнаваць! І я пасьпеў зьняць фільмік – новы від! Рыбак, які абагнаў мяне, выпугнуў чорнага дразда, які з крыкам узьляцеў м у 10 ад сьцяжынкі. На наступных 150-200 м я адзначыў яшчэ 4 гэтыя птушкі (3 з іх дакладна самцы). Яны неяк неахвотна праляталі і сядалі м у 15-20 перада мной, але зрокавага кантакту не хацелі. З затопленага хмызьняку пачаў чэкаць крапіўнік, адзін раз ён нават выляцеў на край кустоўя, паказаўшы свой маленькі, з задзёртым хвосьцікам, сілуэт. За востравам амаль насупраць ратавальнай станцыі спалі самец і 2 самкі вялікага савука, прыкладна з 5 пар крыжанак і цікавая качка з жоўтай палоскай праз галаву – самец сьвіцьвы актыўна плаваў і стараўся выдзярнуць кавалак вадаростаў. На жаль, добра зьняць яго не атрымалася – шматлікія дрэвы ды кусты дапамагалі заставацца незаўважаным, але праз іх было не прабіцца нават з трубой. А вось і сьвіцьва-самачка з блакітнай дзюбай! Прыгожая пара! Звонка цвыркнуў зімародак, а праз некалькі хвілін амаль усіх качак узьняў у паветра спартсмэн-байдарачнік, які чамусьці паплыў не па таму боку ракі – ўсе астатнія плавалі каля ратавальнай станцыі і не перашкаджалі птушкам. Я рушыў далей, і тут каля мяне шумна і хутка праляцелі каля 20 сініц-апалоўнікаў. З такім іх тэмпам я не меў шанцаў на чарговы фільмік, і проста з задавальненьнем паглядзеў на белыя шарыкі- чупа-чупсы. Каля былога піянерскага летніка я дастаў тэрмас і бутэброд, і амаль адразу насупраць мяне на соснах з’явілася вялікая група пісклявых каралькоў, вялікіх і чубатых сініц. Але я вырашыў выбраць пасілак, бо падмёрз. Уверх па плыні праляцела шэрая чапля, на адваротным шляху сустрэў пару гілёў, а потым сініх сініц. Каля Новага маста 32 дразды-піскуны пераляцелі на супрацьлеглы бераг. На гэтым маe назіраньні закончыліся. На здымках: Дрозд-піскун Лыска размінае крылы Качка-сьвіцьва, самка Качка-сьвіцьва, самец Паўзунок звычайны за абедам 1 і 2- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Oh-Voegel - 20.03.2009 - 22:12
хорошо, что подмёрз- мне не
хорошо, что подмёрз- мне не так обидно.
Harrier - 20.03.2009 - 23:46
In reply to хорошо, что подмёрз- мне не by Oh-Voegel
Можа і добра, але, напэўна,
Можа і добра, але, напэўна, мог бы каралькоў зьняць. Бо ў мяне пакуль не вельмі добрыя фільмікі з імі...
А ты калі на сірыйскага дзятла пайдзеш у парк? Думаю, што лепш у будні дзень. Там тады народу менш. А то мяне са штатывам і трубой у мінулым годзе прынялі за адстаўшага ад вясельля фатографа і прасілі зрабіць здымак на памяць. Так і не заўважыў, куды самка сірыйскага пераляцела...
Oh-Voegel - 21.03.2009 - 12:20
In reply to Можа і добра, але, напэўна, by Harrier
надо как-то собраться.
надо как-то собраться. времени на всех не хватает. да и не уверен я, что получится его там нормально снять с подхода.