Пачалася вясна, хаця і няспешна. Калі я праходзіў побач з адным домам, убачыў каля яго першыя сёлетнія падснежнікі і пасля абеду вырашыў вярнуцца, каб сфатаграфаваць. Так што без тых кветачак не было і гэтай фотагісторыі)
Я вярнуўся туды з фоцікам, прысеў, выбраў добры ракурс і зрабіў 3 здымкі, як збоку пачуў яўна не звычайны, раптоўны ўзлёт некалькіх шызых галубоў, і амаль адначасова пачалі запалошна крычаць шэрыя вароны.
Я зразумеў, што нейкі драпежнік яўна некага схапіў, прычым побач са мной. Аднак галуба ці варону і хто гэта зрабіў?
З-за прыпаркаваных аўто пачало вылятаць светлае пер'е галуба і там, на асфальце, сядзеў са сваёй ахвярай шуляк-карагольчык (Accipiter nisus)!
І тут я ўзрадаваўся, што ўсё гэта бачу з такой блізкай адлегласці і што ў руках у мяне фоцік!
Недалёка ад гэтага месца знаходзіцца папулярная прадуктовая крама, туды-сюды пастаянна ходзяць людзі і акрамя мяне што здарылася нешта цікавае заўважылі яшчэ трое. Жанчыне, якая паспрабавала прагнаць шуляка, я адразу крыкнуў каб яна гэтага не рабіла і яна без ахвоты пайшла далей. Мужчыне, які сказаў што "шкада галуба" я сказаў, што купіць каўбасу ў краме шуляк не можа, мяне падтрымаў трэці сведка атакі і ўсё засталося так , як і павінна быць - без перашкодаў для паспяховага драпежніка. Яны пайшлі па сваіх справах, а я працягнуў здымаць.
Аднак у любым выпадку шуляк быў з галубом не далей, чым метраў 15 ад людзей. Спачатку ён нават паспрабаваў падняць галуба, але яўна не атрымалася і ён пачаў яго, яшчэ жывога, ашчыпваць. Агаломшаны нападам голуб асабліва не супраціўляўся, але калі драпежнік дайшоў да пер'я на галаве, паспрабаваў вырвацца і пацягнуў шуляка на сабе асабліва не разумеючы - куды. Усё гэта добра бачна на відэа:
Яны спачатку прыпыніліся перад бардзюрам, потым - у куце агароджы, а апошнім прыпынкам аказалася правільна паверутае пярэдняе кола прыпаркаванага джыпа, дзе карагольчык і пачаў ужо сапраўды есці, а не толькі ашчыпваць ахвяру. Я паздымаў іх з розных ракурсаў і заставіў смелага драпежніка ў спакоі пад машынай - ён яўна заслужыў свой шыкоўны, хаця і вельмі рызыкоўны абед.
04-03-3031, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў і відэа тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
arktous - 05.03.2021 - 21:36
Поздравляю Вас с удачной…
Поздравляю Вас с удачной фотоохотой, а перепелятника с такой шикарной добычей !
Harrier - 06.03.2021 - 00:02
In reply to Поздравляю Вас с удачной… by arktous
Шчыры дзякуй! Так, абодвум…
Шчыры дзякуй! Так, абодвум вельмі пашанцавала.