З другога тыдня мая колькасць звычайных чаротавак (Acrocephalus shoenobaenus), якія займалі зарослы вербалозам бераг Нёмана і гучна паведамлялі пра гэта ўсім навокал, паступова павялічвалася. Ажно суседнія самцы сталі спяваць ў 10-15 метрах адзін ад аднаго.
Такім чынам, прыкладна праз тыдзень нешырокая паласа кустоў уздоўж самай вады была імі падзеленая. І хаця кароткія пералёты, хутчэй за ўсё спробы праверыць чуйнасць суседа, час ад часу здараліся і на чужыя ўчасткі, аднак большасць з іх адбывалася ўсё ж без пагоняў, мірна і ў межах сваіх. Гэта яўна былі шчаслівыя самцы, якія суправаджалі партнёрку пад час экскурсіі па месцы будучага размнажэння.
Калі маеш адпаведна гучны голас і сілы спяваць амаль без перапынку, зусім не абавязкова паказвацца некаму на вочы з густога куста. Так збольшага і рабілі самцы чаротавак. Але час ад часу яны выбіраліся на вяршаліны вербаў або бліжэй да іх на бакавыя галінкі і тады можна было не толькі разгледзець спявуна, але і зрабіць здымкі ці відэа спеваў:
Яшчэ радзей чаротаўкі рабілі невысокія палёты з адной прысады на другую. Участкі, занятыя шчыльна, усё ж не дазвалялі паказаць свае лётныя здольнасці. Ды і калі ты ўжо абраны, можна з гэтым і пачакаць - і дом, і стол зусім побач і ляцець нікуды далёка не трэба. Аднак варта пастаянна нагадваць суседзям ды іншым магчымым візіцёрам, што гаспадар(ы) на месцы і лепш трымацца свайго = не лезьці на чужое.
Прыкладна з тыдзень таму спевы-папярэджанні практычна сціхлі - яўна прыйшоў час карміць птушанят, якія хутка растуць і ежы, а значыць і часу каб яе збіраць, трэба ўсё больш. Ды і партнёрка - каб нават хацела - ад сувязі з іншымі самцамі нічога, акрамя страты часу, не выйграе. Таму кантроль можна і аслабіць.
Бераг Нёмана ў Гродна, 13-17.05.2021
Аўтар Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 15.06.2021 - 20:36
У вас атрымліваецца праз…
У вас атрымліваецца праз галінкі і лісце зняць у фокусе птушку. Я спрабаваў у розных рэжымах, але, калі наперадзе лісток, галінка - факусуюць на іх, а месца (птушка) па-за фокусу - размыта.
Здымкі вельмі добрыя, з прыемным размытым фонам ...
Harrier - 15.06.2021 - 21:56
In reply to У вас атрымліваецца праз… by pva
Дзякуй за добрыя словы! …
Дзякуй за добрыя словы!
Так, часам цяжка "растлумачыць" фотаапарату што ад яго хочаш.
Часта здымаю ў макра-рэжыме калі адлегласць дазваляе. Для майго фоціка гэта прыкладна 15 метраў - тады ён разумее праз лістоту і галінкі на што наводзіць рэзкасць хутчэй.
pva - 15.06.2021 - 22:01
In reply to Дзякуй за добрыя словы! … by Harrier
Дзякуй і вам за інфармацыю.
Дзякуй і вам за інфармацыю.