Свайго першага сёлетняга шпака (Sturnus vulgaris) я ўбачыў і амаль адразу пачуў яшчэ 25 лютага. Птушка сядзела на самай вяршаліне самага высокага дрэва, бярозы, амаль насупраць наша дому. Паступова, штовечар, кампанія шпакоў на той самай бярозе павялічылася да 7 птушак. Яны нягучна свявалі сабе ці адзін аднаму, але раніцай і увесь дзень іх не было, зляталіся яны толькі ўвечары.
І вось сёння зранку першая пара выбрала сабе шпакоўню на невысокай ліпе ў скверыку. Адна з птушак спявала наўпрост з даху дуплянкі, а другая каля метра вышэй. І ўвечары 2 птушкі (ці пара) сядзелі недалёка ад той шпакоўні ў сярэдзіне аднаго з каштанаў, а не на вяршаліне бярозы, як раней. Аднак здзівіла мяне не гэта, а песня аднаго са шпакоў - ён спяваў дакладна, як зелянушка: - Вжжжііі! вжжжіііі!
Ніколі раней я настолькі падобнай на арыгінал' імітацыі зелянушкі не чуў, хаця раней шмат разоў здзіўляўся крыкам канюхоў-мышаловаў з невысокіх дрэваў у горадзе ці флейтаваму свісту авяльгі за месяц-два да яе прылёту. Але па меры таго, як падыходзіў да птушак, зразумеў, што памыліўся - зелянушкіну песню спяваў не шпак, а як і трэба, самец зелянушкі (Carduelis chloris) і сядзеў ён прыкладна ў метры ад аднаго са шпакоў. Выдатная маскіроўка і невялікая адлегласць спевака ад шпака падманулі мяне. А шпакі ціхонька свісцелі сабе пад дзюбу)
Гродна, 07-03-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 09.03.2024 - 14:59
Хутка паркі, сады і двары…
Хутка паркі, сады і двары напоўняцца рознымі песнямі шпакоў і іншых птушак. Я люблю паслухаць шпака. Імітатар цудоўны!
Harrier - 09.03.2024 - 15:52
Так, нядоўга чакаць…
Так, нядоўга чакаць засталося.