Малыя грычуны (Lanius collurio) у горадзе - выдатныя маскіроўшчыкі. Не першы год я атрымліваю пацверджанні гэтага, бо толькі на прыканцы іх гнездавання, калі дарослыя птушкі пачынаюць карміць сваіх злёткаў, я заўважаю некаторыя сем'і. Гэта тым больш дзіўна, што 'новыя' месцы іх гнездавання знаходзяцца там, дзе я праходжу штодзень як мінімум аднойчы, а дзе і двойчы.
Вось і гэты вывадак я заўважыў толькі тады, калі трое ўжо вялікіх птушанят пачалі самастойна паляваць, а для гэтага, як і дарослым птушкам, яны выкарыстоўваюць разнастайныя прысады з добрым полем агляду. Адзінае, але важнае адрозненне паміж маладымі і дарослымі толькі ў тым, што моладзь сядзіць значна ніжэй, звычайна на вышыні каля метра, тады як для дарослых і да 5 метраў - звычайная вышыня для выглядвання здабычы. Хутчэй за ўсё маладым грычунам трэба больш часу на падрыхтоўку налёту на насякомае, якое яны заўважылі і таму значна ніжэйшае месца назірання - больш надзейнае для поспеху.
Але ў адным маладыя дакладна не адрозніваюцца ад дарослых - гэта ў фармаванні і вывядзенні з арганізму выплюйкі. Выплюйка - гэта спрасаваныя ў мускульнай частцы птушынага страўніка неператраўленыя рэшткі здабычы. У розных відаў, у залежнасці ад складу іх харчавання, гэтыя рэшткі розныя: поўсць грызуноў, луска яшчарак, змеяў ці рыб, зубы і іншыя дробныя косткі ці цалкам сківіцы і чарапы з'едзенай здабычы. А вось у насякомаедных птушак - гэта хіцінавыя рэшткі насякомых і іншых безхрыбетных. У адрозненне ад памёту, выплюйка выводзіцца ў птушак праз рот - адкуль яе назва, і не праходзіць праз кішэчнік, бо ў гэтым няма сэнсу калі яе не атрымалася ператравіць у двух аддзелах страўніка. Выплюйка звычайна выводзіцца = выплёўваецца раз у дзень, таму можна ўпэўнена сказаць, што мне яўна пашанцавала зняць гэты працэс у аднаго з птушанят малога грычуна.
Гродна, 24-07-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 18.08.2024 - 22:05
Сёння атрымалася зняць…
Сёння атрымалася зняць выплюйку малога грычуна (у іншым месцы), на набярэжнай Нёмана: