Дакументацыйныя здымкі
Мы вярталіся з прагулкі па беразе Нёмана, калі наперадзе пачуліся гучныя і частыя крыкі некалькіх шэрых варон (Corvus corone cornix), над вадой адбывалася нейкая сутычка і гэтак жа раптоўна, як усё пачалося, наступіла цішыня і каля 15 варон разляцеліся. А ў вадзе засталася адна з іх, метрах у 20 ад берагу!
Ніколі раней я такога не бачыў, успомніўся толькі адзіны выпадак, калі менавіта вароны (?) прымусілі прывадніцца ў Нёмане значна меншую за іх памерамі птушку. Але каб адна адну?
Варона ў рацэ спачатку хутчэй за ўсё была ў шоку, але хутка ачомалася і заграбаючы крыламі, паплыла да берагу. А за ёй з агароджы набярэжнай назірала пара варон і яшчэ адна прыляцела і села на беразе недалёка ад вады насупраць нечаканай плаўчыхі. Але праз некалькі секунд тая засталася адна, выбралася на бераг і залезла ў густыя вярбовыя кусты, дзе і пачала сохнуць.
Што было прычынай такой масавай і жорсткай сутычкі, засталося невядомым.
Гродна, 07-03-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 10.03.2025 - 15:58
Было, мусіць так. У бойцы…
Было, мусіць так. У бойцы сашчапіліся дзве птушкі, і не заўважылі, як апусціліся да самай вады. Расчапіўшыся, ніжняя птушка ўцякаючы вільнула ўніз і ўпала ў раку...
Harrier - 10.03.2025 - 18:34
Як так атрымалася і з-за…
Як так атрымалася і з-за чаго адбылася сутычка (або бойка) мы ўжо не даведаемся. Але птушак было не 2, а каля 15, так што ўсё мало быць нашмат больш складана.