Дакументацыйныя здымкі
Увосень мінулага году я замацаваў як прысады для зімародка (Alcedo atthis) рознай даўжыні галіны над невялікай затокай Гараднічанкі там, дзе яна выцякае з трубы пад Віленскай вуліцай. І паступова забыў пра іх. Хаця летам птушкі ляталі рыбаць і ўверх па рэчцы ад сваёй норкі, але адбывалася гэта рэдка і нашмат чацей яны лавілі здабычу на Нёмане. Таму вялікага спадзеву ўбачыць зімародка на адной з гэтых прысадаў у мяне не было.
Вясна сёлета цёплая і дружная і прыйшоў час праверыць адну з двух пар зімародкаў, якія я па папярэдніх сезонах ведаў дзе яны гняздуюць на Гараднічанцы. Але перш, чым пастаяць на бяспечнай адлегласці ад патэнцыйнага месца размяшчэння норкі, я пайшоў па беразе рэчкі паздымаць першацветы. Калі я ўжо вяртаўся адтуль на сцежку, пачуў свіст зімародка і нават убачыў, як ён ляціць невысока над вадой у бок трубы і затокі. Пераляцеў ён дарогу ці застаўся з гэтага боку, я не ведаў. Таму хутка вярнуўся да рэчкі і з задавальненнем і здзіўленнем убачыў, што птушка сядзіць на адной з маіх восеньскіх прысадаў над затокай!
І калі я пачаў здалёк здымаць зімародка, на супрацьлеглым беразе з'явіўся чорны коцік. Мой бераг быў троху забалочаны, хаця вышэйшы за супрацьлеглы і зусім без камянёў. Таму кінуць у коціка і прагнаць яго назад да двух хатаў на тым беразе не было чым. І пакуль я думаў як перадухіліць магчымае трагічнае для зімародка развіццё падзей, птушка ўбачыла прыліжэнне чорнай небяспекі, трывожна ўскрыкнула і адляцела некуды ўбок. Коцік жа праз некалькі секунд пабег ад рэчкі ў бок хатаў.
Гродна, 10-03-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Lighty - 11.03.2025 - 23:23
Сёлета бачыла ў адным кадры…
Прыгожа як!
Сёлета бачыла ў адным кадры зімародка і норку, але яны ня вельмі звярталі ўвагу адное на аднаго.
Harrier - 12.03.2025 - 00:01
Здымкі амерыканскай норкі з…
Здымкі амерыканскай норкі з зімародкам у зубах не бачыў, а вось у коціка - так ( Думаю, што коціку гэта прасцей зрабіць, чым норцы. Яна ўсё ж больш водны драпежнік.