Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Гарадзкія ластаўкі: сонечныя ванны ў першы цёплы дзень

гарадская ластаўка

Апошнія тыдні два было надзвычай холадна як для траўня. І хаця часам было сонца, але хапала і дажджоў. Калі я падыходзіў да т.зв. старага маста праз Нёман, убачыў, як пад ім сядаюць на скошаную траву гарадзкія ластаўкі (Delichon urbica) і вырываюць сухія кароткія травінкі, каб умацаваць гнёзды (хаця шмат дзе можна прачытаць, што так хутчэй робяць ластаўкі вясковыя). А калі падыйшоў да іх бліжэй, то адразу кінулася ў вочы нешта нашмат больш цікавае - на вузкіх выступах адрамантаванай сцяны б. бровара сядзелі і прымалі сонечныя ванны, чысціліся і проста адпачывалі ці грэліся дзесяткі ластавак!  Час ад часу іх склад мяняўся, некаторыя адляталі, а некаторыя прыляталі і найбольшая адзначаная мной там колькасць птушак дасягала адначасова 30, хаця часам нехта з іх падаваў кароткі сігнал трывогі і зрываліся ў паветра ўсе, хто там сядзеў. Але ці то сігнал быў памылкай, ці то небяспека хутка прамінула недзе побач, ластаўкі паступова вярталіся і займаліся тым самым:

Я ўжо раней назіраў падобныя паводзіны і нават з больш маштабнай колькасцю птушак  і ведаў, што яны робяць: сакрэт адзінай у птушак знешняй, хвастцовай залозы, які птушкі наносяць на пер'е,  утрымлівае эргостэрын - провітамін D. Пад уздзеяннем сонечнага святла ён ператвараецца ў вітамін D, і потым, пад час чыстки апярэння, птушкі яго з'ядаюць. А вітамин гэты проста неабходны для нармальнай будовы костак шкілету і абмена кальцыя ў арганізме. Думаю, што менавіта гэтым - своеасаблівым сінтэзам вітаміну D і яго спажываннем і займаліся у першы цёплы травеньскі дзень ластаўкі. 

Застаецца пытанне - чаму птушкі раскрывалі і падстаўлялі сонцу пераважна хвост, а не крылы? Думаю, што шырыня выступу, на які яны сядалі для прыняцця сонечных ванн, не дазваляла ім трымацца там з раскрытымі крыламі. Але можа была і іншая прычына.

Гродна, 19-05-2025

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

Каментары

У нас поручні маста металічныя. Я заўважаў таксама, што ластаўкі садзяцца і ўпоперак і ўздоўж на поручань нагрэты сонцам. Мабыць, як вы сказалі, сінтэзуюць вітамін D, і "падаграваюць" хваставую залозу, каб сакрэт быў больш вадкім.