У мінулым годзе нехта прыцягнуў і выкінуў каля дзіўнага помніка з пафарбаванага ў жоўты колер глыб бетону засохлае невысокае дрэва са шматлікімі галінкамі, якія паспелі прыгожа абрасці лішайнікамі. Месца гэта на зялёным, разнатраўным схіле і такім чынам утварылася выдатная фота-зона для здымкаў птушак, таму што розныя віды час ад часу ахвотна выкарыстоўваюць галінкі як прысады. А светла-жоўты або светла зялёны колер за імі (у залежнасці з якога боку іх здымаць) ўтварае прыемны фон.
І вось учора я аказаўся на патрэбнай адлегласці, каб на адной з іх паздымаць чорнагаловага шчыгела (Carduelis carduelis). Люблю гэтых птушак не толькі за іх яркі і святочны выгляд, але і за заўсёды пазітыўны настрой. Вось і цяпер птушка не толькі пачысцілася, але і паспявала сваю простую песенку, і для парадку трошкі пры гэтым павіляла хвастом.
Гродна, 21-05-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
PS У некага можа ўзнікнуць пытанне - а чаму ў птушкі чорная ніжняя частка паддзюб'я, тады як рэшта дзюбы выразна белая? Справа ў тым, што шчыгелы дагэтуль актыўна харчуюцца насеннем дзьмухаўцоў і ад дзьмухаўцовага соку, у які так ці іначай выпэцваецца дзюба, яна становіцца чорнай. Птушкі чысцяць яе час ад часу, абціраючы зверху і з бакоў аб нешта адпаведнае як могуць, але пад самой дзюбай, як бачна, гэта немагчыма зрабіць.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 22.05.2025 - 18:46
Прыгожыя, шустрыя і вясёлыя…
Прыгожыя, шустрыя і вясёлыя птушачкі але, палахлівыя. Я вось пакуль не магу іх зняць - не падпускаюць на "стрэл". Усе фоткі добрыя, асабліва - на галінцы з лішайнікам і зялёным фонам.
Harrier - 22.05.2025 - 20:18
Дзякуй! Так, здымацца не…
Дзякуй! Так, здымацца не вельмі любяць, на жаль.