Невялічкая гісторыя пра кальцо...

17.05.2009 - 23:34 | Kiolk

     Усё пачалося з назіранняў і фотаздымкаў Жоржа. Пры прачытанні яго назірання “Наконец-то появились мигранты!, я заўважыў на адным з фотаздымкаў баталёна на галёнцы кальцо. Сэрца адразу затухкала хутчэй, па той прычыне, што кальцо было менавіта не галёнцы, а не на цэўку (як прынята ў Беларусі), таму стала зразумела, што птушка была акальцавана паза яе межах.

     Бываючы на Тураўскай станцыі кальцавання, я зрабіў выснову, што злапаць птушку з замежным кальцом вялікая рэдкасць, нават для станцыі дзе ў сезон кальцуецца каля 3000 тысяч кулікоў. Зыходзячы з простай арыфметыкі, што акальцаваных мной птушак яшчэ не набярэцца і сотні, разлічваць на многае не прыходзілася. Таму я вырашыў паспрабаваць свайго шчася з гэтым баталёнам.  
     Дапамагаць у гэтай справе я папрасіў свайго сябра Андрэя Самасюка студэнта фізфака далёкага ад птушак, але не абыякавага да магчымасці пабыць на прыродзе і цікава правсці час. І вось, мы выправіліся на ловы ў ноч з нядзелі на панядзелак. Калі дабраліся да сажалак ужо пачало патроху змяркацца. На той сажалцы, дзе Жорж здымаў баталёнаў, мы паднялі птушак, сярод якіх было 4 самца баталёна, і я быў на 100% упэўненны, што адзін з іх з жаданым кальцом. Мы старанна паставілі сеткі і пашлі ладзіць намёт. Ноч атрымалася цёплай, таму спалося добра і на праверкі праз кожныя 2 гадзіны падымалася цяжка, можна было і не падымацца, бо чаканага баталёна не было, яшчэ і жабы зладзілі сапраўдны хор, што гукі з дынаміка не былі чутны ўжо праз 50 метраў. Маленькім падаруначкам стала толькі фіфі, якая патрапіла зранку. Як кажуць: “ Не пашанцавала…”
     На тыдні надвор’е было даволі дажджлівае, імавернасць, што баталён яшчэ трымаецца, змянашалася з кожным днём, таму зрабіць спробу нумар 2 атрымалася толькі ў пятніцу. І зноку, кампанію склаў Андрэй. Ужо не так прагна хацелася злавіць гэтага баталёна, як злавіць больш птушак, тым больш, што іх відавочна пабольшала з апошняга візіта. Ужо праз гадзіну патрапіла першая фіфі, праз гадзіну яшчэ 2 фіфі і 2 малых зуйка. У начы птушкі, як і мы “спалі”, таму ніхто і не патрапіўся. А 5 раніцы нас парадвала фіфі і белахвосты пясочнік, якога я кальцаваў упершыню. Надышла 7 гадзіна раніцы. Падыходзячы да сетак, было бачна што патрапілася 3 фіфі, пачынаю распутваць і…
    Кальцо на голенцы…
    Усё стала адразу зразумела…
    Адразу ахапіла хваля пачуццяў, напэўна гэткае ж адчувае і шукальнік золата, калі пасля месячнага прамывання натрапляе на крупіцу золата. Не буду апісваць што адчуваў, але хацелася бегаць і крычаць…
Кальцо аказалася шведскім Riksmuseum Stockholm
     Перапоўненыя станоўчымі эмоцыямі, сабралі рэчы і пайшлі да Зарачанкі. На гарадскіх прудах заўважыў баталёнаў, вырашыў паглядзець, а можа і той з кальцом тут, але яго не аказалася. Затое пабачыў двух каменяшарак, хоць я і бачыў іх раней, але было вельмі нечакана сустрэць такога даволі рэдкага ў нас мігранта. На гэтай добрай ноце і скончалася наша гісторыя з гэтым баталёнам, а магчыма і не…
    Вось так, лавілі баталёна, а атрымайце фіфі. Дадзеныя з кальца былі перададзены ў цэнтр кальцаваня, таму будзем чакаць адказа, дзе акальцавалі гэтую фіфі…



 

Каментары