23-05-2009 Клікуны загнездавалі на Грайна?

    Сёньня, не гледзячы на зусім не спрыяльнае для поля надвор’е, Алег Созінаў са студэнтамі даследаваў на ТВП “Гарадзенская Сьвіслач” каля в.Грайна мясцовую балотную флору. Толькі зьлевага боку ад шашы, па яго словах, яны вызначалі каля 100 відаў расьлін!  І гэта на больш роўнай і рэгулярна скашваемай (хаця б часткова) частцы нізіннага балота.

    Адбыліся і дзьве сэнсацыі, адна з якіх патрабуе пацверджаньня.

Першая – яны знайшлі параўнальна вялікую папуляцыю зьнікаючага ў Эўропе віда расьлін – дудніка балотнага менавіта ў левай ад шашы частцы балота. Да гэтага дуднік быў адзначаны ў Беларусі толькі ў 2х месцах, адно з іх было на гэтым жа балоце, але на палове з правага боку ад шашы. Другая: пара клікуноў паднялася з левай часткі і пад час іх дасьледаваньня лятала з крыкамі і без навокал. Праз нейкі час было знайдзена вялікае гняздо, якое можа быць гняздом клікуноў, з якога ўжо сыйшлі птушаняты. Гэта можа быць другім выпадкам гнездаваньня клікуна на Гарадзеншчыне. Першы быў адзначаны летам 2003 года на рыбгасе Солы на Смургоншчыне.       На здымку зьверху клікуны на Грайна з пачатку красавіка гэтага году. Зьнізу- сёньня. Ніжні здымак А.Созінава.
Фотаздымкі

Каментары

Наконт шкарлупіньня не ведаю - можа і аднесьлі ды выкінулі ўбок. Чаму не? А чакаць ад батанікаў, што яны пёркі зьбяруць... Тое самае, што мы з нейкай невядомай нам расьліны гербар зробім. Трэба ехаць і самім глядзець.

Ў пачатку чэрвеня будзем лічыць там вяртлявую чаротаўку, можна раней пад'ехаць ды паспрабаваць клікуноў паглядзець.

   Цалкам мажліва, што Клікуны маглі там загняздзіцца . . .

  Толькі крыху здзіўляюць іхныя паводзіны. Бо зазвычай пад час гнездавання (наседжванне самкай кладкі ці калі  ў іх маленькія птушаняты) яны паводзяць сябе досыць сціпла і асцярожна. Усяк стараюцца унікаць чалавечай увагі. Нават каліб вы нечакана наблізіліся да іх і заўважылі вывадак, самец нікуды б не ляцеў, а наадварот імітаваў бы параненую птушку і плаваў не падалеку ад вас намагаючыся адцягнуць вашую увагу ад самкі, якая тым часам адводзіць птушанят на бяспечную адлегласць. Увогуле ля гнязда яны паводзяць сябе гэтаксама як шэрыя гусі . . . Ну а каліж вы не бачылі вывадак і спецыяльна не набліжаліся да клікуноў, а птушкі самі здалек падляцелі да вас і пачалі кружляць над галовамі. То хутчэй за ўсе вы сутыкнуліся з тэрытарыяльная парай якая нажаль у гэтым годзе не гняздзілася.

 На самой справе адрозненне у паводзінах у гнездавы час тэррытарыяльных пар і пар якія гняздзяцца вельмі значнае. У гэтым годзе я знайшоў некалькі гнезд клікуна у Брэсцкай і Менскай абласцях, а таксама сення знайшоў вывадак (6 птушанят) якому ўсяго некалькі дзен. Акрамя таго ведаю некалькі тэррытарыяльных пар якія не гняздзяцца . . .

Дык вось тыя птушкі якія не маюць гнезд самі даюць аб сабе знаць, а тыя якія маюць (што губляць) паводзяць сабе вельмі скрытна і іх даводзіцца мэтанакіравана шукаць.

Ну а калі вы знайшлі гняздо, нават пустое, там абавязкова можна будзе знайсці шмат пер'я і скарлупу . . . 

Дзякуй, Pandion, за цікавы і падрабязны камэнтар! Пастараемся праверыць у пачатку чэрвеня як справы насамрэч. Для мяне застаецца загадкай дзе яны могуць плаваць (птушаняты - калі яны ёсьць) - акрамя некалькі каналаў у балоце і абваднога, там паблізу толькі рака.

Што не пішаш пра свае падарожжы? Калі ёсьць час і магчымасьць - хаця б пра самыя цікавыя.