Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Белыя пліскі і 'збор ураджаю' падзёнак

белая пліска

Прыкладна на працягу тыдня я штовечар прыходзіў да вусця Гараднічанкі сачыць за развіццём падзей у дроздавых чаротавак у параўнальна нешырокай стужцы трыснягу. Трыснёг з надыходам цёплай пагоды спачатку пачаў зелянець, а потым і хутка даганяць у вышыні зусім невялікія рэшткі мінулагодняй і сухой расліннасці

Тут, на беразе і над вадой Нёмана і адбыліся мае назіранні, але ўжо за белымі пліскамі (Motacilla alba). У гэтыя дні, на прыканцы траўня і ў пачатку чэрвеня адбыўся вылет чарговага ці чарговых гэтай вясной відаў падзёнак (Ephemeroptera).  Не магу сказаць, каб іх колькасць кідалася  б у вочы. Але гэта мне, бо розныя віды птушак выдатна заўважылі лёгкадаступную ежу і над вадой, акрамя сотняў ластавак трох відаў і свіргулёў, яўна збіралі падзёнак над вадой і ад 20 да 30 рачных крычак. Усё гэта адбывалася прыкладна на 500 метраў русла ракі, таму хаця саміх падзёнак асабліва і не было бачна, але столькі птушак, якія іх пастаянна 'збіралі', не заўважыць было ўжо цяжэй. 'Збор' адбываўся рознымі відамі пераважна на рознай вышыні, хаця строгага падзелу слаёў, канешне, не было. Вышэй за ўіх ляталі свіргулі, потым - ластаўкі, крычкі збіралі падзёнак  і невысока, і над самай вадой.

І вось час ад часу, прыкладна раз у пяць хвілін, да кампаніі гэтых супер-летуноў далучаліся 1-2-3 белых пліскі. Прычым пліскі лавілі падзёнак і над трыснягом, і над берагам, і на рознай вышыні над вадой. Гэтым яны і прыцягнулі маю ўвагу. Часта палёт адбываўся над самай вадой - амаль як у ластавак. Здаецца, яны як бы 'прыціскалі' насякомых амаль да паверхні вады і тым рэзка абмяжоўвалі ім прастору для манеўру. А далей схапіць іх было ўжо нашмат лягчэй. Аднак, як ні дзіўна, часам птушкі вярталіся і сядалі на агароджу набярэжнай пустымі. Тады, пасля непрацяглага роздуму-адпачынку, яны вярталіся на раку ізноў і ўжо вярталіся з поўнай дзюбай здабычы, прычым ззаду здавалася, што ў плісак неяк падазрона хутка вырасталі 'вібрысы-вусы').

Напэўна гэтыя, яўна незвычайныя для плісак паводзіны, прыцягнулі не толькі маю ўвагу, але і самку шуляка-карагольчыка. У адзін з такіх вылетаў пліскі, калі яна ўжо вярталася на бераг, яе атакаваў шуляк. Але хаця адбылося гэта з-за маёй спіны і пачатку атакі я не бачыў, гэта была хутчэй спроба і імітацыя палявання, чым мэтанакіраваны напад, бо ў метрах пяці ад пліскі карагольчык адвярнуў і паляцеў на супрацьлеглы бераг.  Гэтага, аднак, хапіла, каб напалохаць пліску і 'на раку' яна не вылятала пасля гэтага хвілін з 10. А потым 'збор падзёнак' працягнуўся.

Бераг Нёмана ў Гродна, 01-06-2022

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

Каментары