З пачаткам восені рэзка змяніліся паводзіны гракоў (Corvus frugilegus). Не, яны, як і раней, ходзяць па скошаных і адрослых ужо газонах, але шукаюць не дажджавых чарвякоў, лічынак насякомых ці нейкія падземныя часткі раслін. Восень - час шукаць, есці і хаваць на будучыню грэцкія арэхі.
У адрозненне ад шэрых варон, якія таксама збольшага шукаюць арэхі, звычайна іх апрацоўка ў гракоў адрозніваецца. Вароны кідаюць арэхі на плітку ці асфальт і ўжо потым дастаюць смачнае змесціва з палавінак ці праломаў у шкарлупіні. Гракі ж часцей проста разбіваюць арэхі ўдарамі дзюбы.
Тое, што дзюба ў іх мацнейшая (?) і даўжэйшая за варон, таксама дазваляе ім і хаваць арэхі іначай - бо арэхаў зараз столькі, што можна і трэба рабіць запасы. Для большай надзейнасці схованкі, птушка вырывае дзюбай ямку і амаль 'укалачвае' арэх у яе - так элімінуюцца птушкі (вароны?) з карацейшай дзюбай, якія пад час пошукаў 'без раскопак' проста не дастануць ёй да закапанага арэха і не даведаюцца, што ён тут ляжыць:
Але праблема ў тым, што тыя самыя птушкі і прыносяць з-пад дрэваў новыя арэхі, і шукаюць па газонах чужыя схованкі) І калі знаходзяць, могуць перахаваць знойдзенае і побач з месцам знаходкі, і пераляцець з арэхам на новае месца. Таму арэхавы кругазварот яшчэ доўга будзе працягвацца, а той самы арэх можа вандраваць на кіламетры і 'мае магчымасць' так і не быць з'едзеным. Пэўна невялікую, але мае)
22.09- 06.10.2021, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ