Усю другую палову вясны і першую палову лета я сёлета круцігаловак (Jynx torquilla) не бачыў, хаця і чуў іх вельмі падобныя да голасу сокала-пустальгі крыкі. Раней надзейным месцам дзе іх можна было здымаць быў бераг Гараднічанкі, дзе пара гэтых незвычайных дзятлаў займала штогод адну са шпакоўняў каля тамтэйшай хаты. Але тая шпакоўня пазамінулай зімой звалілася, новая на тым жа шасце не з'явілася і круцігалоўкі адтуль зніклі.
Негатыўныя змены для прыроднага асяроддзя ў гэтым годзе адбываюцца ў даліне Нёмана ў межах гораду шмат дзе і нават там, дзе іх зусім не чакаеш. Так здарылася і з вучасткам зямлі, дзе раней былі рэшткі старога сада і прыкладна чацьвёртая частка якога зарасла маладымі, высокімі вольхамі адразу за агароджай рачнога парта. Хутчэй за ўсё там з'явіўся новы гаспадар, які не толькі спілаваў амаль усе тамтэйшыя дрэвы, але і пусціў іх 'на пілаванне'. Вось так вучастак выглядаў яшчэ 14-07:
а вось такім стаў 20-07, калі я там стаў чакаць на лесак-перасмешак (пра гэта будзе асобная гісторыя):
І калі на старым, разваленым слупе я заўважыў круцігалоўку, то моцна здзівіўся. Яна няспешна даследавала старую драўніну, а потым пераляцела на рэшткі травяністай расліннасці і там 'застряла' на некалькі хвілін - хутчэй за ўсё шукала мурашоў, якія з'яўляюцца асновай яе харчавання.
Потым яна яшчэ двойчы паказвалася на краю вучастка і побач з ім і я зразумеў, што птушка даследуе рэзка змененае людзьмі навакольле - можа там з'явілася нешта цікавае для яе?
На наступны дзень круцігалоўку я там ужо не бачыў і падумаў, што яе даследаванне скончылася. Але аказалася, што я памыліўся...
Працяг будзе
Гродна, 20-07-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ