Дакументацыйныя здымкі
Пра масавы вылет маладых шпакоў (Sturnus vulgaris) лёгка даведацца - яны амаль пастаянна гучна крычаць з дрэваў і высокіх кустоў, на якіх сядзяць. Сотні іх галасоў зліваюцца ў незвычайны шум. Але каб гучна і пастаянна крычаць, трэба многа і пастаянна кушаць) Таму моладзь па 1-2-3 пералятае за бацькамі і бегае, выпрошваючы ў іх ежу.
У дарослых шпакоў дзве асноўныя тактыкі: большасць адразу раскладвае па дзюбах сваіх патомкаў ўсё, што атрымалася знайсці, ад дажджавых чарвякоў да розных членістаногіх. Але ёсць і іншыя бацькі, якія перш, чым перадаць здабычу сваёй моладзі, збіраюць яе ў вялікую порцыю. І калі першая стрaтэгія звычайна спрацоўвае, то з другой бываюць праблемы, таму што маладыя шпакі часам не гатовыя з'есці столькі зараз:
Зразумела, што вялікія і скошаныя 'газоны' моцна дапамагаюць дарослым шпакам збіраць ежу, а маладым - добра бачыць і перабягаць за бацькамі. Але яны і самі час ад часу спрабуюць што-небудзь хапаць дзюбай, толькі не заўсёды гэта схопленае можна есці. Аднак вучацца яны вельмі хутка і пералёты за бацькамі ці за групай іншых шпакоў ужо праз лічаныя дні пасля вылету з гнязда толькі забяспечваюць ім большую бяспеку ад драпежнікаў і добрае месца для пошуку ежы.
Гродна, 29-05-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Першая гісторыя ТУТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ