Працяг. Папярэдняя фота-серыя ТУТ
Ляцець так доўга і далёка, каб нечакана сустрэць 'свой' від птушак у лесапарку Tsarasaotra ў сталіцы Мадагаскара, стала вялікім здзіўленнем. Пара ўдодаў паказалася перад намі на шырокай дарозе, якая рэдка выкарыстоўваецца па прызначэнні і таму зарасла невысокай расліннасцю. Пад ёй яўна жыве нямала смачных насякомых, іх лічынак і чарвякоў. Іх, хутка, але старанна паглыбляючы дзюбы ў глебу і шукалі птушкі, няспешна перабягаючы недалёка адна ад адной. Раптам адзін з удодаў неяк дзіўна прысеў, амаль вертыкальна выцягнуў доўгую дзюбу ўгару і як мага шырэй раскінуў-раскрыў крылы і пер'е на хвасце! Працягвалася гэта секунды і я спачатку ўспрыняў гэтую позу як спробу пазагараць - вельмі падобна тыя птушкі, якія маюць хвастцовую залозу, ператвараюць яе сакрэт, распаўсюджаны на апярэнні, пад уздзеяннем сонечнага святла з провітаміна D у вітамін D. І пад час чысткі пер'я з'ядаюць тое, што атрымалася, такім чынам падтрымліваючы адпаведны абмен кальцыя ў арганізме.
Але гэтая дэманстрацыя позы адбылася настолькі хутка, што больш нагадвала адзін з элементаў такавання птушкі побач з партнёрам-партнёркай, чым працэс атрымання порцыі сонечнага святла - на Мадагаскары заканчвалася вясна і хутка павінна было пачацца лета. (Хаця, канешне, нельга выключаць, што адно не перашкаджае другому.)
І толькі пазней я даведаўся, што тут, на востраве, жыве асобны, эндэмічны від - мадагаскарскі ўдод (Upupa marginata), які амаль не адрозніваецца ад шырокараспаўсюджанага ў Еўропе, Азіі і Афрыцы, 'нашага' удода знешне, але мае выразна іншы голас, які мне больш падобны на нейкую туркаўку, чым на ўдода.
Наступную пару мадагаскарскіх удодаў мы сустрэлі не менш нечакана за першую ў калючым баабабавым лесе на наступны дзень. Тут птушкі таксама стараліся трымацца побач адна з адной, але ў гэты раз адбылося ўжо без такавання.
Мадагаскар, 14 і 15-11-2024, Tsarasaotra parc, Antananarivu + Ifaty spiny forest, Madagascar
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг будзе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ