Рудахвосткі-чарнушкі (Phoenicurus ochruros) - напэўна адзін з нямногіх нашых відаў птушак, якому рэгулярныя кашэнні травяністай расліннасці ў нашых паселішчах дапамагаюць у пошуку здабычы.
Справа ў тым, што рудахвосткі ловяць насякомых і іх лічынак самага рознага памеру: ад невялічкіх да памерам з майскіх жукоў і для гэтага выкарыстоўваюць прысады, з якіх можна зручна назіраць за наваколлем. Зразумела, што калі 'трава' высокая, то заўважыць рух патэнцыйных ахвяр у ёй цяжэй, плошча магчымага назірання невялікая і каб дакладна выглядзець і схапіць здабычу, прыходзіцца завісаць над такім месцам у паветры - а гэта патрабуе шмат энергіі.
Таму хаця ў расліннасці пасля кашэння яўна меншая разнастайнасць і колькасць насякомых, але заўважыць і злавіць іх там нашмат лягчэй і ніякага завісання не трэба. Часам рудахвосткі выкарыстоўваюць і іншую стратэгію палявання і нават часцей я яе назіраў у маладых птушак, якія выляцелі не так даўно, але ўжо жывуць самастойным жыццём. Гэта паляванне на насякомых, якія перабягаюць ці выбягаюць на плітку - там іх бачна здалёк, схавацца ім няма куды і таму можна сядзець на больш высокай прысадзе і назіраць за большай плошчай.
Так што некаторыя птушкі прыстасаваліся да тых умоваў, якія мы ім навязваем. Але такіх відаў, на жаль, не шмат.
07-2022, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ