Хаця сёлета я і не бачыў на Нёмане ў межах горада маладых вялікіх савукоў (Mergus merganser) у вывадках з самкай ці без яе як у мінулыя гады, аднак на прыканцы чэрвеня ў вусці Гараднічанкі стаў рэгулярна рыбачыць і адпачываць самотны вялікі савук - маладая птушка гэтага году 'выпуска'. Памерам ён быў ужо як дарослы, але яго маладосць выдавалі тры рысы: светлая палоска над дзюбай, зусім невялікая рыжая грыва на патыліцы (у дарослай самкі яна нашмат даўжэйшая і больш яркая) і спосаб рыбалкі. Яго асаблівасць была ў тым, штоптушка рыбачыла на плыткай вадзе там, дзе Гараднічанка аддае сваю ваду Нёману, а заадно прынесла ў апошні шмат пяску і глею, а таксама камяні, галіны дрэваў і будаўнічае смецце. Таму нават каб савук захацеў, ныраць у гэтых месцах не было б як і птушка прачэсвала дно і магчымыя схованкі рыбак і рыбаў толькі апусціўшы ў ваду галаву: часам толькі дзюбы з вачыма, а часам і ўсю і нават частку ці цалкам доўгую шыю:
Дзіўна, што за прыкладна 20 хвілін палявання там савук нічога не злавіў і потым быў вымушаны адплыць уверх па Нёмане - да вады недалёка ад яго спусціўся іншы рыбак, на двух нагах і з вудай у руках.
Нёман у Гродна, 26-06-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Заканчэнне ТУТ.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ