Заканчэнне. Пачатак гісторыі ТУТ
Праз 10 дзён пасля першай сустрэчы маладога вялікага савука (Mergus merganser) на рыбалцы ў вусці Гараднічанкі, я ўбачыў яго (?) там ізноў. І ў гэты раз змог паназіраць за ім каля 2 гадзін. І хаця ў гэтую сустрэчу птушка ізноў нічога не злавіла, але рыбачыла вельмі падобна да мінулага разу - часцей за ўсё апускала ў ваду толькі галаву, і то не цалкам, а толькі вочы. Пасля гэтага старалася убачыць нешта ядомае, паступова абплываючы заўважныя мне камяні і будаўнічае смецце, а таксама тыя патэнцыйныя схованкі, якія я над вадой бачыць не мог. Цікава, што звычайна гэтыя даследаванні былі супраць плыні Нёмана і калі б напрыклад рыбка захацела ўцячы супраць плыні, яе лёгка дагнаў бы значна больш хуткі савук, а калі б па плыні ракі, то савук як раз чакаў бы яе з раскрытай дзюбай - бо быў бы насупраць.
Значна больш часу займаў ў птушкі дагляд апярэння, які адбываўся і ў вадзе - часам рыбалка незаўважна пераходзіла ў купанне, і на сушы. Для другога свук выбіраўся на адзін з камянёў і там старанна чысціў усё, да чаго мог дацягнуцца дзюбай. А да чаго не мог, расчэсваў хуткімі рухамі адной з ног, якую для гэтага прыходзілася закідваць за крыло.
Аднак самым нечаканым для мяне атрымалася ўзаемадзеянне з іншымі `рыбакамі` ў тым самым месцы. Бо акрамя савука, там рыбачыла шэрая чапля (Ardea cinerea) і не рыбачыла, а чакала на рыбу ад самца рачная крычка (Sterna hirundo). Хаця чапля была значна блжэй да савука, чым крычка, напад як на патэнцыйнага канкурэнта (?) адбыўся як раз на крычку.
Для сябе я называю такіх самак рачных крычак 'познімі'. І гэты прыметнік адносіцца не да позняга прылёту птушкі на месца гнездавання, бо канкрэтную дату для непазначаных птушак сцвярджаць немагчыма. А таму, што з-за страты кладкі ці вывадка самкі могуць заставацца недзе побач месца гнездавання і працягваюць выпрошваць у свайго (былога) ці іншых самцоў ежу. І часта атрымліваюць яе, яўна не гняздуючы і праводзячы амаль увесь час на камяні ці іншай зручнай для іх прысадзе. І вось менавіта такую 'познюю' самку крычкі і аткаваў малады вялікі савук і калі яна вымушна ўзляцела са свайго камня, то яшчэ нейкі час пагражаў ёй раскрытай дзюбай і не даваў сядаць на яе былую прысаду.
Пасля гэтага ён вярнуўся бліжэй да берагу, вылез на 'совй' камень і там ізноў чысціў у сябе ўсё, да чаго ог дацягнуцца дзюбай і лапай)
Гродна, 05-07-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ