Дакументацыйныя здымкі і відэа
Хаця Нёман пасля дажджоў у апошнія тыдні падняўся, намытая у вусці Гараднічанкі пясчаная каса з камянямі і будаўнічым смеццем засталася над вадой і стварыла два хуткія патокі вады, якая у гэтым месцы яўна прыспешвае. Першы – гэта сама Гараднічанка, якая вымушаная агібаць касу і ўлівацца ў Нёман праз вузкі ‘праход’, другі бурліць бліжэй да супрацьлеглага берага Нёмана, бо каса амаль напалову перагаражвае шлях для яго плыні вады і таму там, дзе можа, таксама прыспешвае.
Гэтага маладога вялікага савука (Mergus merganser) я заўважыў каля края касы яшчэ здалёк, але не мог зразумець што за качка так дзіўна паводзіць сябе. Здаецца, яшчэ не так даўно маладыя вялікія савукі трымаліся разам, разам пераляталі і рыбачылі. І вось, аказваецца, прыйшоў час ім пакаштаваць самастойнага ды паасобнага жыцця. І гэты савук з пачатку яўна не даваў сабе рады: апускаў галаву і даследаваў дно каля касы, часам зусім неглыбока там ныраў, але штораз паказваўся пусты. Праз хвіліны ён нізка, над самай вадой пераляцеў з гэтай на другую страмніну і ўжо там пачалося нешта іншае. Птушка амаль увесь час праводзіла пад вадой, яе плынь моцна прыціскала і зносіла цела і таму савук хаця і плыў супраць яе, вынырваў амаль у тым жа месцы, дзе і занырваў. Двойчы качка прыўставала над вадой і абтрахвалася ад вады – гэта бачна на здымках. За прыкладна 15 хвілін на новым месцы, савук ныраў шмат разоў, паступова зразумеў як там паляваць і агулам злавіў каля 10 здабыч:
Пасля чарговай праглочанай рыбкі птушка нізка паляціла ўніз па рацэ. Пачало паволі змяркацца і трэба было знайсці зручнае ды бяспечнае месца дзе правесці ноч.
Нёман у Гродна, 26-09-2022
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ