Дакументацыйныя здымкі і відэа
З высокага берага Нёмана, на які я толькі выйшаў, было добра бачна, як да старога маста хутка падляталі чацьвёра вялікіх савукоў (Mergus merganser). Але яны не праляцелі пад ім, а прывадніліся трошкі ніжэй, у адной з апораў маста. Тады і я прысеў і стаў здымаць што будзе далей.
Уся чацьвёрка аказалася маладымі птушкамі - гэта добра бачна па белай палосцы, якая ідзе ад дзюбы пад вока, ну і рудая 'грыва' закароткая для дарослых самак. Паводзілі яны сябе таксама як падлеткі: хаця і трымаліся разам, але калі іх асабістая прастора парушалася сіблінгам, рабілі добра бачнае нават мне здалёк папярэджанне выпадам з раскрытай дзюбай.
Іх нечаканае з'яўленне каля касы, на якой адпачывалі качкі-крыжанкі не засталося незаўважаным - усе яны паўскоквалі на ногі і са здзіўленнем назіралі што адбываецца ў вадзе зусім блізка ад іх. А савукі прыляцелі пад мост не проста так - адразу пачалася хуткая праверка ўсяго навокал, куды можна было засунуць галаву без нырання і пад час яго, каб знайсці і схапіць рыбу, якая там хавалася:
Хаця камянёў, каменчыкаў і валуноў каля апоры маста было шмат, 'інспекцыя' адбывался зладжана і хутка, у ёй у розныя моманты ўдзельнічалі або ўсе птушкі разам, або асобныя савукі, якія потым адплывалі на пошукі рыбы або непасрэдна пад апору, або ніжэй - вярталіся да камянёў. За прыкладна 15 хвілін я адзначыў паспяховае паляванне на 4 ці 5 рыбаў рознага памеру. Адзін раз савук напалохаў сваім выпадам адну з качак-крыжанак, якая несвоечасова спусцілася і трапілася на яго шляху і выгнаў назад на касу - не перашкаджай паляваць!)
Таксама нечакана, як прыляцелі туды, усе чацьвёра разам узняліся і паляцелі далей, уверх па плыні Нёмана.
Вельмі магчыма, што гэта той самы вывадак, які я апошні раз назіраў недалёка адтуль амаль два месяцы таму. А можа гэта толькі супадзенне іх колькасці і месца. Тым не менш, было цікава назіраць, што моладзь добра сабе радзіць на вялікай рацэ.
Нёман у Гродна, 27-08-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ