Дакументацыйныя здымкі
Зусім нечакана cупала, што роўна праз 30 дзён і ў тым самым месцы, я ізноў сустрэў вывадак вялікіх савукоў (Mergus merganser). Як і ў мінулы раз, яны таксама падымаліся па Нёману і заплылі як раз у вусце Гараднічанкі. Было іх пяць падрослых ужо качанят і я думаў, што яны будуць тут рыбачыць, але яны вырашылі трымацца нашага берагу і паплылі за прыбярэжнай расліннасцю яшчэ вышэй. Каб зняць іх, мне прыйшлося шукаць у ёй прасвет - яны ўбачылі мяне і пераплылі да супрацьлеглага берагу.
І толькі тут я зразумеў, што адно качанё, якое адрозніваецца большымі памерамі, насамрэч дарослая самка. Яна то плыла наперадзе групы, то трымалася ззаду, але ўвесь час была з птушанятамі. Такім чынам атрымалася, што гэта самка і 4 маладыя птушкі.
Калі ўспомніць, што ў мінулы раз у вывадку з невялікіх качанят іх было 10, і гэта могуць быць менавіта яны праз месяц. Ці іншы вывадак, памеры якога на самым пачатку былі блізкія да 10 птушанят (гэта сярэдняя лічба для нашых савукоў), атрымліваецца, што 6 з 10 не пражылі і 30 дзён!
Што з імі здарылася - сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё, злавілі і з'елі нейкія драпежнікі. Аднаго з іх - коціка, які 'гуляе', добра бачна зусім недалёка ад птушак на беразе ракі. Зразумела, што наўрацці коцік прыгнуў бы ў воду нават за параўнальна лёгкай здабычай у выглядзе невялікіх качанят, але калі б яны адпачывалі на беразе - чаму не?
Так ці інакш, падобныя страты толькі за прыкладна першы месяц жыцця ўражваюць...
30-06-2022, Нёман у Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ