Дакументацыйныя здымкі
З пачатку году на Нёмане ў цэнтры гораду з'явілася спачатку самка, а потым і самец савука-лутка (Mergellus albellus), што адбываецца далёка не кожную зіму. Максімальна, і, дарэчы, недалёка ад самца, я бачыў адначасова тры самкі. Але ніякіх паводзін, якія нагадвалі б такаванне з боку самца да самак і наадварот яшчэ не назіраў. Часам яны трымаюцца побач, часам - далёка адны ад адных. І ў гэты раз было падобна - толькі ў хаце на маніторы камутара я ўбачыў, што адна з самак праляцела блізка ад самца, але далей я назіраў толькі за самкай, якая падляцела да краю прыбярэжнага льда і пачала ныраць-рыбачыць.
Пра паспяховую рыбалку самца я ўжо расказваў раней, а вось колькі ні назіраў за самкамі гэтай зімой, яшчэ ні разу не бачыў, каб яны некага злавілі. І вось пашанцавала і самцы, і мне. Пасля чатырох ці пяці ныранняў (дарэчы, параўнальна працяглых), яна вынырнула з параўнальна вялікай як для яе памераў рыбкай. Гэта быў пячкур (Gobio gobio) і як ён не вырываўся, быў праглочаны за секунды і потым 3-4 разы запіты рачной вадой.
Пасля такога абеду, напэўна можна было адпачнуць і самка выбралася на край льда, дзе старалася не звяртаць увагу на рознавідавую мітусню іншых птушак навокал сябе.
Гродна, 12-02-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ