У першы дзень адлігі, калі час ад часу падаў дробны дожджык, на Нёмане ў цэнтры гораду з'явіўся самец савука-лутка (Mergellus albellus). Самак гэтага віду я бачыў тут і ў мінулыя зімы (хаця і не штогод), таксама гэтай зімой, а вось самца ў межах гораду ўбачыў упершыню.
Трымаўся ён асобна ад іншых качак і яго выразная белізна нават у параўнанні з дзесяткамі самцоў гагалей прыцягнула маю ўвагу. Я пачаў здымаць яго здалёк, але даволі хутка ён падплыў да нашага берагу і амаль у самага края шырокай паласы льда пачаў ныраць-рыбачыць.
Для мяне самец савука-лутка - адзін з самых неверагодных прыкладаў выразнага і ашчаднага чорна-белага прыроднага дызайну. Калі ён збіраўся ныраць, гэта было бачна загадзя - чуб на галаве прыціскаўся да патыліцы і ўвогуле галава рабілася меншай амаль ўдвая, спераду чорныя плямы вакол чорных вачэй пачыналі ўспрымацца як вялізныя чорныя ж вочы па баках ад выцягнутай уперад не зусім звычайнай для качак дзюбы. І тады ён адначасова нагадваў мне нейкага невялічкага дыназаўра і іншапланецяніна)
Рыбалка ж у яго атрымлівалася паспяховай - прыкладна кожныя 5-7 хвілін ён даставаў, а потым няспешна перакладваў у дзюбе чарговага пячкура (Gobio gobio)(?) так, каб галава рыбкі апынулася ў дзюбе як яе працяг, хутка праглынаў здабычу і 1-2 разы запіваў яе нёманскай вадой:
За 35 хвілін, што я змог назіраць за ім, ён злавіў і з'еў 4 рыбкі і пасля гэтага адплыў бліжэй да цэнтру ракі.
Гродна, 26-01-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ