Дакументацыйныя здымкі
Мы ўжо вярталіся дахаты пасля вячэрняй прагулкі, калі ў аснавання скошанага схіла пад сверыкам я заўважыў шпака (Sturnus vulgaris), які хаця і быў недалёка, не звяртаў на нас увагу. І троху нечакана аказалася, што гэта малады шпак, які сёння выляцеў з адной з некалькіх шпакоўняў, развешаных у скверыку і навокал яго. Дарослых побач не было і ён яшчэ не ведаў, як правільна на нас рэагаваць.
Але хутка недалёка прызямліўся дарослы шпак, а за нім спачатку 2 маладых, а потым і яшчэ адзін і стала зразумела, што гэта яўна сям'я з адным дарослым. Маладыя шпакі паводзілі сябе па-рознаму: некаторыя чакалі ежу на адным месцы, іншыя бегалі за бацькай ці маці і не адставалі ні на крок. А ў іншы час яны маглі патрабавальна крычаць з таго месца, дзе чакалі 'на вячэру', або крычалі, бегаючы за дарослым шпаком, нагадваючы пра сябе і свае патрэбы.
А вось дарослая птушка ўвесь час шукала ў глебе ці ў скошанай траве над ёй тую ежу, якую патрабавалі птушаняты. Атрымлівалася гэта не вельмі паспяхова, але галодная моладзь яўна была адпаведным моцным стымулам, каб працягваць пошукі) І гучныя, рэзкія рэгулярныя крыкі іншых маладых шпакоў, якія раздаваліся з навакольных кустоў і дрэваў падказвалі, што і ў дарослых з іншых сем'яў падобная праблема са сваімі злёткамі.
Гродна, 18-05-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 24.05.2024 - 10:12
Мусіць, у дзікіх жывёл самыя…
Мусіць, у дзікіх жывёл самыя клапатлівыя бацькі - яны ніколі не пакінуць сваё дзіця галодным. Хаця і ёсць выключэнні... Добрыя фота буйных планаў.