Працяг. Пачатак – фота-гісторыі І і ІІ.
Тое, што ў гняздзе круцігаловак (Jynx torquilla) ужо вялікія птушаняты можна было здагадацца не толькі таму, што дарослыя ў сярэднім раз у 5 хвілін прыносілі ім есці, але яшчэ і таму, што прыкладна шточацвёрты ці штопяты прынос заканчваўся чысткай гнязда.
Добра вядома, што вераб’іныя пушкі ў першыя тыдні жыцця птушанят прыбіраюць за імі наступным чынам: пасля перадачы малым ежы дзюба вызваляецца для прыняцця ў яе своеасаблівай капсулы з памётам, якую і ‘аддаюць’ бацькам птушаняты. Дарослая птушка з капсулай памёту адлятае на нейкую адлегласць ад гнязда і ўжо там выкідае яe. Адбываецца гэта не пасля кожнага кармлення, а раз на нейкі час. Так не толькі падтрымліваецца чысціня ўнутры гнязда, але і доўгі час яно не дэмаскуецца з-за белых плям пад ім ці па яго краях. Аднак па меры росту птушанят яны ядуць так часта і многа, што бацькі проста не спраўляюцца з абодвума абавязкамі: карміць і падтрымліваць чысціню. З часам птушаняты вырастаюць настолькі, што могуць ‘выстрэльваць’ той памёт самастойна па-за гняздо. Цяжэй з гэтым дуплагнёзднікам, да якіх адносяцца і круцігалоўкі.
У іх усё аказалася вельмі падобна да вераб’іных: дарослыя птушкі часам затрымліваліся ўнутры дупла і вылазілі адтуль або з капсулай памёта, а калі не паспявалі забіраць іх ад усіх птушанят, то набіралі ў дзюбу яшчэ і ўжо засохлыя кавалкі.
А з-за таго, што кармілі птушанят лічынкамі мурашоў, час ад часу прыходзілася выкарыстоўвываць свой вельмі доўгі язык яшчэ і для таго, каб ачысціць сябе ад мурашоў – даўжыня языка дазваляла ‘аблізваць’ без праблем любую частку цела дзе мураш адчуваўся.
Працяг будзе.
Гродна, 16-06-2023
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ