Дакументацыйныя здымкі
Апошнімі днямі адкрыў для сябе наколькі актыўна птушкі 'збіраюць' ураджай жалудоў, які (зноў!) вырас на 5 дубах у скверыку на супрацьлеглым беразе Нёмана. Найчасцей за жалудамі прылятаюць сойкі (Garrulus glandarius), якія часам тыя жалуды ядуць непасрэдна на дрэвах, а часам набіраюць у рот і ляцяць хаваць некуды за сотні метраў. І гэта ўсё адбываецца рэгулярна, раз за разам і птушка за птушкай.
Але сёння пашчасціла назіраць - і зняць - дзве сытуацыі, якія яўна выбіваюцца з шэрагу 'звычайных'.
У першай з іх сойка змагла адарваць адразу два жалуды на адной галінцы. Што з імі было далей я не ўбачыў, але тэарэтычна, трымаючы іх у дзюбе, можна было б ляцець і прыхоўвываць на зіму, калі яшчэ мець у роце 2-3 жалуды, сарваныя раней - гл. першыя здымкі ніжэй.
А вось другая сытуацыя (ніжняя палова здымкаў) аказалася для мяне зусім загадкай - сойка сарвала жолуд і паклала яго на адгалінаванне нятоўстай галінкі дуба так, што жолуд ляжаў і не ўпаў. А птушка заставіла яго там як запас і адляцела ў іншую частку дрэва. Звычайна неядомыя жалуды лёгка вызначаюцца і сойкамі, і іншымі птушкамі і адразу выкідваюцца. Гэты ж выглядаў на нармальны і чаму сойка яго не з'ела або не забрала адразу, я не зразумеў.
Гродна, 11-09-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ