Дакументацыйныя здымкі
У апошнія гады неяк не атрымлівалася знайсці час на тое, каб пашукаць норку (ці норкі) зімародкаў (Alcedo atthis) на Гараднічанцы.І вось гэтай вясной я вырашыў выправіць гэтую сытуацыю.
Справа аблягчаецца тым, што прыдатны для гэтых птушак участак ракі не такі ўжо працяглы і абрывістых участкаў берага, дзе яны маглі б вырыць норку, не так шмат. Ды і побач з рэчкай такіх месцаў зусім нямнога.
А з іншага боку ніжняя плынь ракі ушчыльную забудаваная і не паўсюль ёсць доступ да берага. Ды і мае назіранні павінны адбывацца на такой адлегласці, каб быў дастатковы агляд і каб не спалохаць птушак.
І вось пад час праверкі аднаго добрага месца аказалася, што зімародкі з рыбкай ляцяць далей, вышэй па плыні рэчкі. І калі я сеў назіраць за другім абрывістым участкам берага, то вырашыў, што пачакаю на птушак там 2 гадзіны. Прыляцяць - будзе зразумела, што норка недзе тут ці яшчэ будзе імі капацца. Паляцяць вышэй - буду шукаць прыдатнае месца там. А не прыляцяць - буду шукаць ніжэй па плыні.
І вось 2 гадзіны прайшлі, а зімародкаў я так і не ўбачыў. Толькі сабраўся ўставаць, каб вяртацца дахаты, ажно чую характэрны свіст і зімародак прызямляецца як раз насупраць мяне, метрах у 25!
Пасядзеў ён там, двойчы ўзлятаў і завісаў як калібры яскравым дыямантам, але норку не стаў капаць і адляцеў назад, у бок Нёмана. Так што чакаць яго там ці ўсё ж шукаць у іншых месцах, засталося незразумелым (
Гараднічанка, Гродна, 07-04-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 16.04.2022 - 10:57
Во, як пашанцавала вам, і…
Во, як пашанцавала вам, і добрае відэа атрымалася, і здымкі. Мінулай восенню я таксама бачыў які ляціць зімародак ўздоўж ракі. Чакаў больш за гадзіну, але ён не паўтарыў свой аблёт.
Harrier - 16.04.2022 - 14:19
Дзякуй! Паглядзім што далей…
Дзякуй! Паглядзім што далей атрымаецца.