Пасля нечаканай адлігі ў першы дзень новага году, прыйшоў час на не зусім чаканыя маразы. Уначы яшчэ ліў дождж, а зранку ўсе калужыны аказаліся пакрытыя ільдом і мароз добра адчуваўся, хаця без снегу ўспрымаўся неадпаведным сытуацыі.
Калі мы ранкам вярталіся з непрацяглай прагулкі па пляжы, на якім зверху добра замёрз песок, раптам ля стаянкі для ровараў я ўбачыў шэрую варону (Corvus (corone) cornix) з грэцкім арэхам у дзюбе! Увогуле, 'апошнія' грэцкія арэхі знаходзяцца і даядаюцца птушкамі нават у сакавіку, але звычайна гракі і вароны іх знаходзяць прыкапанымі ў зямлі. Наўрацці пасля начнога марозу было магчыма выкапаць нешта нават неглыбока прыхаванае няхай і з вядомай і ўласнай схованкі. Але факт заставаўся фактам і стаяў з арэхам перада мной.
Варона была адна, ніхто ёй не збіраўся перашкаджаць адкрыць і з'есці змесціва арэха. І яна пачала спрабаваць яго адкрыць ударамі дзюбы непасрэдна на стаянцы для ровараў. Але арэх яўна прамёрз і не паддаваўся. Тады варона спачатку аднесла яго на пляж і яшчэ раз паспрабавала свае сілы там, а потым вярнулася да ходніка і скінула арэх у палёце на плітку з вышыні каля метра. Арэх не раскалоўся.
І тады птушка вырашыла паспрабаваць раскалоць яго на асфальце, узляцела і выпусціла арэх з прыкладна 1,5-мятровай вышыні над заездам да пляжа для машын. Арэх амаль не адскочыў, хуценька пакаціўся пад адхон, дзе і праваліўся ў адну з вялікіх і шматлікіх дзірак у адной з рашотак для стоку вады)
Варона яўна не чакала такой падступнасці ад свайго сняданка, падбегла да месца яго знікнення і старалася разглядзець - дзе ж ён? Аднак шанцаў дастаць арэх ні зверху, ні неяк пасунуць цяжкую чугунную рашотку ў яе не было. Так яна і не паснедала арэхам...
Бераг Нёмана ў Гродна, 06-01-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі варон з арэхам зроблены ў тым ліку і на тым самым месцы раней, увосень 2022 году.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ