Хаця адразу як выляцяць з гнязда, птушаняты вясковых ластавак (Hirundo rustica) ужо могуць даволі няблага лятаць, але ім гэтая важная здольнасць не вельмі патрэбная пакуль бацькі кормяць іх на прысадах. А вось выбар прысады - месцаў, дзе лепш сядзець і чакаць на прынос ежы, вельмі важны. Бо месца павінна быць бяспечным і таму адначасова не вельмі адкрытым (каб патэнцыйныя ворагі не ўбачылі цябе і сіблінгаў здалёк), і мець хаця б адзін добры падлёт для бацькоў - бо наўрацці яны будуць прадзірацца праз галіны і лісце, каб пакарміць цябе.
Вельмі дапамагае ў правільным выбары тое, што у любы момант можна зрабіць новы - пераляцець і паспрабаваць чакаць бацькоў на іншай прысадзе. Ды яшчэ і сіблінгі, з якімі рос у адным гняздзе, таксама як бы падказваюць што можа быць лепш, бо дэманструюць свой выбар. Бацькі ж дапамагаюць з яго карэкцыяй і наўпрост - бо кароткімі, адрывістымі і гучнымі крыкамі трэвогі папярэджваюць пра набліжэнне небяспекі і тады птушаняты стараюцца чым хутчэй узляцець з месца, дзе былі і потым або вярнуцца ў яго ж, або знайсці новае, больш бяспечнае. Ускосная ж падказка ад бацькоў пра тое, што лепш сесці і чакаць іх у іншым месцы, вельмі простая: калі яны часцей прылятаюць з ежай да іншых сіблінгаў, чым да цябе, варта змяніць сваё месца знаходжання.
Часам сіблінгі сядзяць амаль як у гняздзе, нават прытуляючыся адзін да аднаго, а часам на адлегласці ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў. Здаецца, што першы варынт найбольш папулярны ў першыя дні пасля вылету і пэўна дапамагае адчуваць сябе больш бяспечна. А пазней неабходнасць знаходзіцца ў фізічным кантакце з сіблінгам(і) даволі хутка прападае. Тым больш мусіць быць вельмі крыўдна, калі бацькі выбіраюць пакарміць браціка ці сястрычку непасрэдна каля цябе, але гэта не ты. Ну і магчымасці своечасова перавярнуцца і сустрэць дарослую птушку з ежай з любога боку, калі яна падлятае да месца, дзе сядзіш, у выпадках з сіблінгам побач абмежаваныя. Таму лепш сядзець хаця і недалёка ад яго, але ўсё ж на нейкай адлегласці.
А калі адлегласць ад іншых птушанят ужо большая за метр, то тады пры набліжэнні бацькоў амаль заўсёды зразумела - ці ляцяць яны карміць менавіта цябе, ці некага іншага. І хаця шырока адкрываць рот і крычаць каб пакармілі варта ў любым выпадку - каб проста яшчэ раз нагадаць пра сябе, часам бачна, што гэта не мае сэнсу калі і так пакормяць некага здалёк.
Часам птушаняты галоднымі крыкамі рэагуюць на набліжэнне любой ластаўкі да сябе, нават сіблінгаў, якія пералятаюць каб сесці побач. Бо лепш памыліцца і папрасіць, чым памыліцца і не папрасіць) Але і дарослым час ад часу патрэбны перапынак і яны могуць сядзець побач з птушанятамі, сваімі і чужымі. І нават ахалоджвацца ў спёку, шырока пазяхаючы або часта дыхаючы праз раскрытую дзюбу - гэта бачна не здымках на прыканцы серыі.
Галоўнае - хутка вучыцца на сваіх і чужых памылках.
Гродна, 19-06-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ