Кажуць, што нахабнасць - другое шчасце. Але бывае варта задумацца пра цану нахабнасці...
З раніцы вырашыў заглянуць на Нёман. Жыццё канешне тут не спынялася. Здавалася ўсё як заўсёды ў гэтую вясну: ныраюць у пошуках здабычы гогалі і вялікія савукі, таўпяцца пад берагам крыжанкі, побач з імі трымаецца пара лебедзеў-шыпуноў. Але раптам маю ўвагу прыцягнула чайка-клыгун, якую я заўважыў яшчэ здалёк. Яна мірна адпачывала на міні-астраўку пасярод хуткай ракі. Здавалася ёй адной сярод гэтага птаства ні да чаго няма справы.
Так яна сядзела даволі доўга, але потым узнялася ў паветра і пачала кружыцца над больш буйным востравам ракі. Я заўважыў, што яна то прысядае, то зноў ўзлятае з аднаго і таго ж месца - ускраіны вострава.
Што магло прыцягнуць яе ўвагу? Адказ я атрымаў крыху пазней, калі птушка прызямлілася туды пасля працяглых манеўраў. На ўскраіне вострава ляжала даволі вялікая і ўжо раздзёўбаная рыбіна. Як яна там аказалася, хто яе злавіў, не ведаю. Але менавіта яна стала прычынай такіх паводзін птушкі. Чайка адразу пачала распраўляцца з рыбінай. Усё б добра, калі б не нахлебнікі - шэрыя вароны.
Спачатку іх было дзве, але адна з іх пэўна вырашыла што шанцаў атрымаць хоць які кавалак ня шмат, таму адляцела адразу. Другая была больш смелай і нахабнай. Час да часу чайка адыходзіла ў бок ад здабычы, каб аглядзецца, выцерсці аб снег сваю дзюбу. І ў гэты момант наступаў "зорны час для вароны". Яна адразу накідвалася на рыбіну і старалася як мага хутчэй хоць што-небудзь урваць.
Але вельмі хутка вяртаўся "гаспадар". І варона з такой жа хуткасцю адступала. Але "голад не цётка!" І варона вырашае зрабіць смелы крок: вырваць хоць які кавалак з пад самага носу чайкі.
Часткова гэта ёй удалося. Але гэта было яўна не ў планах чайкі...
Варона зноў адступае і ходзіць кругамі.
Хутка і яна разумее, што лепш пакуль адляцець, каб не атрымаць ад "вялікага брата". Нарэшце чайка застаецца адна са здабычай.
А не так далёка ад месца падзей, літаральна каля самага берагу ракі ўвесь час нырала ў пошуках здабычы вялікая коўра.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 28.03.2013 - 16:05
Дзякуй, Сяргей! Цікавае