14 жніўня стаў сведкам не зусім звычайных падзей, якія адбыліся з гняздом белых буслоў у Пінскім раёне. Ужо ў сярэдзіне ліпеня маладыя птушкі (якіх старанныя дарослыя буслы змаглі выгадаваць ажно 5) пачалі спрабаваць крыло, і неўзабаве да канца месяца пакінулі свой "дом". Як звычайна пасля гэтага на гняздо толькі прыляталі начаваць бацькі. Так працягвалася амаль два тыдні.
Але аднойчы ўвечары, ўжо ў прыцемках да гнязда завіталі не толькі два дарослыя буслы, але і яшчэ каля 20 іншых! Яны расселіся побач з гняздом - на вялізнай ёлке, слупах і дахах дамоў.
Было падобна на тое, што яны вырашылі тут начаваць, але таксама здавалася, быццам яны нечага чакаюць. І неўзабаве нейкае прадстаўленне на самой справе пачалося. Не ведаю дакладна на сто адсоткаў, якія птушкі ўдзельнічалі ў ім, таму што было цёмна, але прынамсі мне падаецца больш імавернай такая версія:
На гняздо да дарослых буслоў падляцела маладая птушка (напэўна іх дзіця) і пачала іх праганяць, пры гэтым моцна цокая дзюбай.
Спачатку адну птушку...
Потым другую...
Дарослыя адляцелі зусім недалёка, нібы разважаючы.
Хутка адзін з бацькоў вярнуўся да гнязда. На гэты раз ён сышоўся з той птушкай ў нейкім рытуальным танцы?, з мноствам шыпення, цоканнем дзюбамі, узмазамі крылаў і закідамі галоў. Гэта доўжылася некалькі хвілін.
Пасля гэтага яны разам зляцелі і яшчэ зладзілі міні-сутычку ў паветры. На гэтым, можна сказаць, усё і скончылася - пачаўся моцны дождж. Ні заўтра, ні паслязаўтра буслоў ужо не было... і не будзе да наступнай вясны))
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 19.08.2014 - 23:30
Вельмі цікавае назіранне.
Вельмі цікавае назіранне. Выдатна, што не гледзячы на сумрак, усё ж атрымалася зрабіць і здымкі пра гэта.
Насамрэч такія вось сацыяльныя паводзіны (якія ўзмацняюць як мінімум адносіны ў групе) параўнальна мала вядомыя. Як і канкрэтныя ўзаемадзеянні паміж птушкамі ўнутры яе: якая іх мэта? Чаму яны адбываюцца менавіта так, а не іначай? Ну і без адпаведнага мечання гэта ўсё цяжка назіраць і адпаведна інтэрпрэтаваць.