Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

Дзякуючы невялікім перадатчыкам, упершыню атрымалася ўбачыць дакладны шлях міграцыі некалькі палярных крычак (Sterna paradisea) над Атлантычным акіянам. Працяглыя і надзвычай доўгія міграцыі сустракаюцца ў многіх відаў птушак. Аднак ніводны від не можа пахваліцца пералётамі з Арктыкі ў Антарктыку і назад, якія штогод вымушаны здзейсняць гэтыя птушкі, якія важаць толькі каля 100 грамаў!
Даследнікі з Грэнландыі, Даніі, ЗША, Вялікабрытаніі і Ісландыі атрымалі дакладную карціну неверагодных міграцый гэтых невялікіх птушак. Дзякуючы прымацаванню да ног 11 крычак невялічкіх геалакацыйных прыстасаванняў, вага якіх толькі 1,4 г, атрымалася сабраць дадзеныя пра іх перамяшчэнні на працягу восеньскай і вясновай міграцый. Птушкі былі забяспечаныя гэтымі перадатчыкамі на сваіх гнездавых калоніях у Грэнландыі і Ісландыі. 
Дзякуючы запісам геалакатарамі палажэння сонца і працягласці светлавой часткі сутак, можна стварыць дакладную мапу іх месцазнаходжання для кожнага дня іх падарожжа. Вынікі, апублікаваныя ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences paper, паказалі, што птушкі трымаюцца не такіх прамых маршрутаў, каб даляцець да месцаў сваёй зімоўкі на моры Ўэдэла (Weddell Sea) ў Антарктыцы і назад, як думалі раней.
Аказалася, што пад час сваіх штогадовых падарожжаў птушкі пераадольваюць адлегласць у сярэднім у 70900 км, а адна з пазначаных геалакатарам крычак праляцела за год нават 81600 км! Гэта ў два разы больш, чым меркавалася раней. Калі ж пералічыць сярэднюю штогадовую адлегласць на максімальна вядомую працягласць іх жыцця (34 гады), атрымліваецца, што арктычныя крычкі могуць налятаць за сваё жыццё нават 2400000 км!
Якім жа чынам пераадольваецца крычкамі гэтая сярэдняя штогадовая адлегласць? Пад час міграцыі на поўдзень птушкі пралятаюць у сярэднім 330 км, пралятаючы ўсяго каля 34600 км. Пад час вясновай міграцыі на поўнач, птушкі пралятаюць прыкладна 25700 км, за дзень пераадольваючы ў сярэднім 520 км. Яшчэ амаль 11000 км крычкі налётваюць на месцах зімоўкі.

Яшчэ адным адкрыццём стала тое, што крычкі пад час свайго падарожжа на поўдзень прыпыняюцца нават на 25 дзён у багатым на рыбу месцы на глыбокіх водах Паўночнай Атлантыкі. Потым міграцыя працягваецца каля астравоў Зялёнага мысу (Cape Verde Islands), а затым некаторыя птушкі ляцяць уздоўж узбярэжжа Паўднёвай Амерыкі, а іншыя птушкі – каля берагоў Афрыкі.
Пад час вясновай міграцыі – ў красавіку і траўні – птушкі абіраюць "S"-падобны шлях праз Атлантыку. Як мяркуюць навукоўцы, звязана гэта з выкарыстаннем спадарожных вятроў і эканоміяй энергіі, так патрэбнай пад час гнездавання.
 “Гэтае даследаванне па міграцыі марскіх птушак дае магчымасць неверагодна дэталёвага погляду на паводзіны далёкіх мігрантаў у час, калі сачыць за імі інакш няма магчымасці” – сказаў Карстэн Эгевэнг з Грэнладзкага інстытуту натуральных рэсурсаў, адзін з аўтараў разглядаемай публікацыі.
“Наш аналіз атрыманых дадзеных паказвае, што маршруты міграцыі птушак звязаны як з біялагічнымі, так і з фізічнымі фактарамі на іх шляху. Цікава, што птушкі прыпыняюцца пад час восеньскай міграцыі ў вельмі прадуктыўных водах Атлантычнага акіяну. Калі параўнаць гэтае месца з водамі трошкі больш на поўдзень, розніца ў даступных там птушкам рэсурсах будзе каласальная. Для нас ясна, што арктычныя крычкі знайшлі гэтае “рыбнае” месца і навучыліся карыстацца ім перад палётам над прасторамі акіяну з больш абмежаваным харчаваннем”.
Геалакатары былі прадстаўлены British Antarctic Survey (BAS).


На мапе з Greenland Institute of Natural Resources: маршрут міграцыі на поўдзень пазначаны жоўтым колерам, адваротны на поўнач – белым. Месца прыпынку ў Паўночнай Атлантыцы пазначанае кружком, а месцы зімоўкі ў Антарктыцы – авалам. Высокапрадуктыўныя раёны ўзбярэжжаў і адкрытага акіяну апказаны зялёным і жоўтым.
 

Паводле www.birdwatch.co.uk і www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

У Беларусі адзначаны пакуль толькі адзіны выпадак залёту палярнай крычкі.
На гэтую ж тэму:

Незвычайныя птушыныя падарожжы

Сокалы прыляцелі ў Афрыку са спадарожнікавымі перадатчыкамі на спінах

Стэпавы арол пад наглядам спадарожнікаў

Сокалы Элеаноры пад назіраннем спадарожнікаў

Дзве маладыя скапы з Шатландыі даляцелі да Афрыкі

Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак

Высокія тэхналогіі дапамогуць захаваць птушак


 

Comments