Як рудахвосткі-чарнушкі (Phoenicurus ochruros) кормяць свой першы вывадак я гэтым летам прапусціў. Маладых чарнушак навокал ужо шмат і ўсе яны (даўно) палююць самастойна. Але ўчора пашанцавала ўбачыць і паздымаць птушанят яўна з другога вывадку, прычым 'птушанят' можа быць і няправільна, таму што насамрэч адначасова я бачыў толькі аднаго - можа ён і быў адзін?
Малы ўжо добра лятаў, таму часам вылятаў на адкрытыя месцы і сядаў на агароджу насупраць мяне, а часам знікаў за ёй.
Самка, якая яго карміла, сядала параўнальна высока і калі палявала на насякомых, злятала з прысады ўніз на адлегласць да 15 метраў і там завісала невысока над нізкай расліннасцю амаль як пустальга, кідалася ўніз і потым вярталася на прысаду з зялёным вусенем ці якім-небудзь імаго насякомага ў дзюбе.
Малы - як робяць і іншыя птушаняты абодвух відаў рудахвостак - пры набліжэнні самкі з ежай пачынаў рэзка, гучна і высока трашчаць: "Зззее-ЗЗЗЕЕЕ" , атрымліваў сваю порцыю і звычайна сціхаў. Але адзін раз працягваў ззекаць, толькі ціхенька і не так рэзка - напэўна, застаўся галодным і нагадваў, што яго трэба карміць яшчэ.
Самка ж прылятала з ежай нячаста і тады малы паляваў сам - непаспяхова на мурашоў, якія бегалі пад лапамі і паспяхова на вялікага павука (гл.здымкі ніжэй) - зляцеў за ім на нейкі выступ, схапіў і потым спрабаваў забіць, стукаючы яго аб агароджу, але хутка вырашыў, што можна з'есці і жывога і праглынуў так.
Гродна, 24-06-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Lighty - 25.07.2021 - 21:59
У чарнушак нейкі "пункцік" з…
У чарнушак нейкі "пункцік" з забойствам праз біццё аб цьвёрдую паверхню?
(Бачыла, як дарослы самец лупасіў хрушчом аб каналізацыйны люк. Уразілася...)
Harrier - 25.07.2021 - 23:14
In reply to У чарнушак нейкі "пункцік" з… by Lighty
Напэўна для надзейнасці, што…
Напэўна для надзейнасці, што здабыча нікуды не адляціць-не ўцячэ калі збярэшся праглынаць)
Зімародкі, напрыклад, таксама б'юць рыбу галавой ад галіну ці камень з размахам і часам з адцягам так, што сапраўды страшна.
Harrier - 25.07.2021 - 23:17
In reply to У чарнушак нейкі "пункцік" з… by Lighty
А можа гэта пазасталая з іх…
А можа гэта пазасталая з іх Радзімы адаптацыя такім чынам здабываць нейкіх небяспечных безхрыбетных тыпа сальпуг ці скалапендраў, бо тых так проста жывымі не праглынеш.
Lighty - 25.07.2021 - 23:28
In reply to Напэўна для надзейнасці, што… by Harrier
Ну... праглынуць і сапраўды…
Ну... праглынуць і сапраўды не заўсёды можна, напэўна.
А яны да нас мігравалі?
Harrier - 25.07.2021 - 23:40
In reply to Ну... праглынуць і сапраўды… by Lighty
Файны момант! Такое трэба на…
Файны момант! Такое трэба на відэа здымаць, на здымках усе нюансы не пакажаш.
Так, міжземнаморскі па паходжанні від, у нас першыя, здаецца, толькі ў 1930-я гады адзначаны, ну і за наступныя гадоў 50 каланізавалі ўсю Беларусь, а можа нават і хутчэй.
Lighty - 26.07.2021 - 00:44
In reply to Файны момант! Такое трэба на… by Harrier
Трэба, але ў мяне рукі…
Трэба, але ў мяне рукі дрыжаць.
pva - 26.07.2021 - 22:52
Мабыць, гэта "позняе дзіця",…
Мабыць, гэта "позняе дзіця", а яно самае каханае. Ужо амаль дарослы, а з мамай расстацца не можа ...