Без сумневаў, назіраць за малымі коўрамі (Tachybaptus ruficollis) найпрасцей узімку. Як і іншыя коўры, лятаць яны не любяць, але і знаходзіцца на адкрытай прасторы таксама. Аднак як у выдатна спецыялізаваных вадаплаўных птушак ногі ў іх знаходзяцца максімальна ззаду цела і гэта дазваляе не толькі параўнальна лёгка і глыбока ныраць, але яшчэ і хутка плыць на паверхні і пад вадой. Таму летам яны ныраюць адразу як заўважаць увагу да сябе і вынырваюць далёка і ў месцы, якое цяжка прадказаць.
Зімой жа так хутка хавацца ў іх не атрымліваецца, хаця некаторыя і спрабуюць. А асобныя коўры хоцькі-няхоцькі прызвычайваюцца да мільгатання людзей на набярэжнай і робяць выгляд, што не заўважаюць нас. Ды і траціць процьму энергіі ў большыя ці меншыя маразы толькі каб схавацца ад ўяўнай пагрозы напэўна не вельмі разумна. Таму птушкі распушанымі амаль шарыкамі плаваюць па паверхні і часцей за ўсё ныраюць у пошуках здабычы ля самай кромкі прыбярэжнага льда.
Цікава, што пад вадой распушанае пер'е толькі перашкаджала б у пагоні за рыбай, але на паверхні коўра з'яўляецца ўжо з паднятым пер'ем - ізноў амаль як шарык. Як у яе так хутка атрымліваецца змяняць абрысы свайго цела, для мяне загадка.
Нарэшце, пасля некалькі непаспяховых спробаў, коўра вынырвае з маленькім акуньком. Здабыча невялічкая, але калючая. Таму прыходзіцца двойчы перакладваць яе і падхопліваць у вадзе, каб правільна павярнуць і хутка праглынуць. Пасля гэтага птушка яшчэ больш распушваецца, максімальна хавае галаву у пер'е і нават спрабуе заснуць у невялікай заточцы з ільду пры беразе. Але плынь паднесла яе заблізка да берагу, падлятае шэрая варона (Corvus corone cornix), якая крычыць і можа нанесці шкоду. Коўра падхопліваецца, адплывае далей і там ужо хавае дзюбу ў пер'е ізноў.
Як ні дзіўна, такі адпачынак працягваўся толькі 8 хвілін. Пасля яго коўра неяк заўважна выходзіць з транса і зноў пачынае ныраць за рыбкамі - зімовы дзень кароткі і трэба да працяглай ночы забяспечыць сябе энергіяй да ранку.
Нёман у Гродна, 22-02-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
arktous - 26.02.2026 - 17:08
Действительно, шар. Отличные…
Действительно, шар. Отличные крупные планы!
Harrier - 26.02.2026 - 17:15
Вялікі дзякуй! Замучалася…
Вялікі дзякуй! Замучалася ныраць ад усіх і вырашыла - як мін сёння буду смелай!)