Часам шанцуе апынуцца ў адпаведным месцы і адпаведны час. Так было і гэтым разам. Я падняўся на самы верх надпойменнай тэрасы Нёмана, пачуў наперадзе пазыўкі гілёў, але нават убачыць іх калі падыйшоў бліжэй не было магчымасці. Там, дзе яны былі, йшла шырокая, метраў 15, густая паласа маладых дрэўцаў. Я пачаў абыходзіцьі яе каб паглядзець ці іх будзе бачна з іншага боку і тут на маладую бярозу перада мной прызямлілася сойка (Garrulus glandarius).
Хутка аказалася, што я ёй не перашкаджаю і яна, прытрымліваючы пальцамі абодвух ног частку нейкага вялікага 'арэха', пачала адламваць ад яго дзюбай маленькія кавалачкі і праглынаць іх. Але працягвалася гэта нядоўга - хутчэй за ўсё птушка ўжо не была галодная, а хацела пакаштаваць - ці добрая гэта ежа? (А можа і дастала з прыхаваных раней запасаў і правярала - ці не сапсавалася прыхаванае?)
І вось калі яна з недаедзеным арэхам (ні на што больш мне гэта неподобнае - для унутранай часткі жалуда гэта было яўна завялікім) узляцела на які метр вышэй галіны, на якой яго ела, адбылося зусім для мяне нечаканае. Сойка акуратна паклала выпуклай паверхняй уверх недаедзеную частку 'арэха' у самага аснавання бярозавай галінкі і праз некалькі секунд адляцела па сваіх справах.
Гэта не была надзейная схованка і хутчэй за ўсё сойка планавала вярнуцца і даесці арэх у бліжэйшы час. Але тым не менш, мне ўпершыню пашчасціла назіраць такія паводзіны.
(Калі я пазней стаў разважаць - што гэта была за ежа і адкуль яе магла ўзяць сойка, атрымалася, што прыкладна ў 30 метрах ад гэтага месца, бліжэй да берага ракі, ёсць дом з 2-3 сталоўкамі для птушак. Узімку на іх рэгулярна наведваліся ў тым ліку і сойкі і таму гэты 'арэх' хутчэй за ўсё паходзіў адтуль).
Гродна, 02-03-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 04.03.2026 - 14:17
Гаспадарская птушка нічога…
Гаспадарская птушка нічога не выкідваецца, нават тое, што не даела. Ды і памяць у іх добрая: запамінаюць свае "склады". А 5-е фота - "дакумент", як сойка хавае недаедзены жолуд для наступнага перакусу...
Harrier - 04.03.2026 - 15:04
Усё так, дзякуй.
Усё так, дзякуй.