In Memoriam: Валянціна Сцяпанаўна Макарава (30.09.1949 – 27.05.2009)

У ноч з серады на чацвер пасля цяжкай невылечнай хваробы пайшла ад нас у лепшы свет Валянціна Сцяпанаўна Макарава – дырэктар гімназіі №1 імя акадэміка Я.Карскага г.Гродна. Валянціна Сцяпанаўна была выдатным кіраўніком, яна не толькі брала цяжар адказнасці на сябе, але і падтрымлівала ініцыятывы падначаленых, давала магчымасць ім праявіць сябе. З самага пачатку існавання Гродзенскага абласнога аддязлення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” яна не толькі спрыяла правядзенню на базе гімназіі штогадовых справаздачных канферэнцый аддзялення, семінараў і іншых сустрэч, але і дапамагала дзейнасці клуба АПБ “Крылаты дазор”, які працуе ў гімназіі ўжо некалькі год.

Пасля нечаканай для многіх прапановы праводзіць на базе гімназіі штогадовыя адкрытыя Гродзенскія абласныя заалагічныя канферэнцыі навучэнцаў – фактычна рэспубліканскія, яна адразу падтрымала гэтую ідэю і не раз адкрывала іх, вітаючы юнакоў, юначак і дарослых удзельнікаў з усёй Беларусі і з замежжа.

Менавіта пад яе кіраўніцтвам была створана тая гімназія, якая стала шмат у чым прыкладам для іншых навучальных устаноў у Беларусі. На жаль, яе жыццё абарвалася вельмі рана. Аднак справы, падтрыманыя ёй, будуць жыць. Светлая памяць!

Comments