Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Качкі-крыжанкі і 'амаль самастойнасць'

Добра вядомая заканамернасць, шмат разоў даказаная на многіх відах птушак - позняе гнездаванне нашмат менш паспяховае. Зразумела, што гарадзкія качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchas) не выключэнне.

Першы сёлетні вывадак гэтага віду на Нёмане я ўбачыў толькі на прыканцы чэрвеня, што , канешне, вельмі позна як на гэты аселы ў нас як мінімум у гарадах від качак.

Невялікая сям'я, самка і 4 качанят, заплыла ў вусце Гараднічанкі знізу Нёману. І хаця качаняты ўжо не выглядалі пушыстымі мімішкамі, але яшчэ і не ператварыліся ў нязграбных 'падлеткаў' і за імі было цікава назіраць.

Усе стараліся трымацца разам і пастаянна, вельмі хутка фільтравалі воду дзюбамі ў пошуках адпаведнай ежы:

 

Самка рабіла тое часае, але час ад часу падымала галаву і назірала за наваколлем. Ну і яна вырашала дзе ўся сям'я будзе есці - г.зн. фільтраваць тую ваду. З боку таксама выглядала на тое, што качаняты або раней навучыліся нават палажэннем галавы у вадзе капіраваць самку, або гэта быў адзіны магчымы эфектыўны спосаб фільтрацыі тут і цяпер і падобныя палажэнні проста часта супадалі - гэта добра бачна на некаторых здымках ніжэй.

Здавалася б, малыя ў многім яшчэ залежаць ад самкі. Але калі я вярнуўся туды праз 4 гадзіны, сытуацыя змянілася. Самка (з любімым?) качанём грэлася на сонейку на невысокім камяні, а тройка пазасталых качанят сядзелі і драмалі недалёка ад іх, але на намытай рэчкай пясчанай касе.

Праз якіх 5 хвілін сонца схавалася за хмарамі, якія хутка займалі ўсё большую частку неба, аднекуль з'явіўся вецер, хаця і зусім не халодны. І тут 'любімае качаня', якое спала пры маміным баку, вызягнуўшы бязвольна адну лапку, раптам заварушылася, прыўстала і скокнула ўніз. І праз секунды ўжо прытулялася да рэшты сіблінгаў - мама абаграваць ужо нікога не будзе.

Яшчэ праз хвіліну залежнасць ад мамы вярнулася. Яна таксама сышла з камяня, але не на касу, а ў ваду - прыйшоў час ізноў пад'есці. Качаняты сталі без спешкі далучацца да яе. Мама вырашала - калі есці, а калі адпачываць)

28-06-2021, вусце Гараднічанкі, Гродна

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі