З самага пачатку траўня, а калі пашанцуе - то і з канца красавіка - дзьмухаўцы становяцца аднымі з першых раслін, якія забяспечваюць насеннеядных птушак свежым насеннем. Спачатку птушкі шукаюць і знаходзяць толькі паасобныя 'спелыя' расліны на схілах з заходняй, ці наадварот, заходняй экспазіцыяй. А потым дзьмухаўцовага насення навокал усё больш і больш і знайсці бяспечныя месцы з ежай і добрым аглядам не праблема. І тады найлепшымі для канаплянак (Carduelis cannabina) становяцца дзьмухаўцы не на схілах, а на гарызантальнай паверхні, дыя яшчэ пажадана на адкрытых месцах. Камуфляжная афарбоўка дазваляе ім заставацца незаўважнымі нават на адлегласці ў 5-6 метраў - потым яны ўжо не спадзяюцца на яе і адлятаюць. Калі месца з дзьмухаўцамі вельмі добрае
Прылятаюць туды пад'есці канаплянкі ў парах - так колькасць вачэй, якія сочаць за сытуацыяй навокал ў параўнанні з асобнай птушкай павялічваецца ўдвая. Ну і самцу так 'спакойней' - калі самка побач і пад наглядам, можна есці без чакання патэнцыйных здрадаў.
Аднак час масавага паспявання дзьмухаўцоў параўнальна хутка скончыцца, таму важна не скасіць і іншыя расліны, насенне якіх любяць птушкі ў нашых гарадах і за іх межамі.
Гродна, 04-05-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 13.05.2023 - 10:57
Самачкі таксама прыгожыя…
Самачкі таксама прыгожыя стройныя птушачкі. Але самцы, з ярка кармінна-ружовай грудкай, проста прыгажуны. Шкада, што не патрапілі ў кадр. Дзьмухаўцы ў парку скошваюць, хаця яны ўпрыгожваюць першую траўку, і служаць кормам для канаплянак, чорнагалавых шчыгелаў ды іншых птушак.