Дакументацыйныя здымкі
Сапраўдная, цёплая вясна толькі пачыналася і крапіўнікі (Troglodytes troglodytes), якія зімуюць на беразе Нёмана, не спяшаліся адлятаць са сваіх зімовых тэрыторый. Вось адзін з іх выляцеў з пад кустоў і пачаў амаль адчайна трашчаць - хутчэй за ўсё на суседа, які перасёк 'мяжу', але якога я так і не ўбачыў:
Гаспадар тэрыторыі яўна хваляваўся, трашчаў амаль без перапынку і пералятаў з галінкі на галінку сярод хмызняку і нават сядаў на адзінае дрэўца, якое камунальшчыкі заставілі пасля знішчэння ў пойме амаль любой расліннасці пазамінулай восенню. Але праз нейкі час супакоіўся, перастаў 'крычаць' і заняўся тым, для чаго і была яму патрэбна гэтая тэрыторыя, якую ён так зацята бараніў - пачаў шукаць ежу, дробных безхрыбетных. Спачатку сярод расліннасці нізка над зямлёй сярод кустоў вярбы, а потым заўважыў, што зусім побач з яго хмызнякамі і дрэўцам вясновая вада разлілася на беразе і тонкім слоем пакрыла нізкую траву.
Месца было адкрытае, без нават нізкай расліннасці за якую можна было б схаваца, але на паверхні вады было столькі дробных насякомых, а вада была настолькі плыткай, што крапіўнік затрымаўся там на некалькі хвілін, пераскокваючы з месца на месца і збіраючы ежу. Спачатку ён стараўся перамяшчацца, сядаючы накарані і іншыя невысокія прысады на д вадой, а потым і наўпрост на ваду. Здалёк ён мне нагадваў мікра-чаротніцу - настолькі падобна выглядаў яго сілуэт і некаторыя рухі на адкрытай вадзе)
"Вясна стварае новыя магчымасці, трэба толькі не баяцца пачаць імі карыстацца" - падумаў я і парадаваўся за смелага крапіўніка. А наступным ранкам выпаў глыбокі снег. Але і я, і крапіўнік не сумняваліся - Вясна сваё возьме)
Гродна, 09-03-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ