Дакументацыйныя здымкі
Здавалася б, зіма скончылася яшчэ ў лютым, але з пачаткам сакавіка вярнулася не толькі сонца, але і марозы, і час ад часу снегапады. Таму крапіўнікі (Troglodytes troglodytes), якія яшчэ да пачатку каляндарнай зімы падзялілі прыбярэжныя хмызнякі ды іншую расліннасць ўздоўж рэк і рэчак на свае зімовыя тэрыторыі, працягваюць іх абараняць ад магчымых парушальнікаў межаў.
Сонечным і марозным днём я пачуў знаёмы і гучны трэск на беразе Нёмана ў вербалозе і хутка ўбачыў, што сярод тонкіх галінак прыгаюць дзве птушкі. Адна з іх, яўны гаспадар, пераследавала другога крапіўніка, яўна парушальніка. Але пагоня адбывалася неяк вяла, без зімовай хуткасці ў пераследаванні. І хаця адлегласць у 1-1,5 метра паміж птушкамі падтрымлівалася пад час іх перамяшчэння паралельна вадзе, пералаталі яны з куста на куст таксама без спешкі і гаспадар яўна мог быць мог быць нашмат больш агрэсіўным, але не быў.
Калі крапіўнікі праляцелі метраў 20 ад месца пачатку трэскучага папярэджання пра парушэнне межаў, усё супакоілася і птушкі прапалі. А ў мяне з'явіліся 2 варыянта адгадкі наконт магчымай прычыны няспешнай пагоні. Можа птушка-парушальнік была самкай і калі гаспадар-самец зразумеў гэта, пагоня ператварылася больш у гульню і фармальны рытуал, чым у сур'ёзнае пераследаванне? А другая магчымая прычына была ў тым, што даволі хутка гаспадар мог пераляцець нябачную мяжу зімовай тэрыторыі парушальніка, дзе ўжо той стаў гаспадаром і таму яго запал і рашучасць паступова знікалі і потым прапалі зусім.
Бераг Нёмана ў Гродна, 07-03-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ