Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Малая коўра і зімовая рыбалка

малая коўра

Без сумневаў, назіраць за малымі коўрамі (Tachybaptus ruficollis) найпрасцей узімку. Як і іншыя коўры, лятаць яны не любяць, але і знаходзіцца на адкрытай прасторы таксама. Аднак як у выдатна спецыялізаваных вадаплаўных птушак ногі ў іх знаходзяцца максімальна ззаду цела і гэта дазваляе не толькі параўнальна лёгка і глыбока ныраць, але яшчэ і хутка плыць на паверхні і пад вадой. Таму летам яны ныраюць адразу як заўважаць увагу да сябе і вынырваюць далёка і ў месцы, якое цяжка прадказаць.

Зімой жа так хутка хавацца ў іх не атрымліваецца, хаця некаторыя і спрабуюць. А асобныя коўры хоцькі-няхоцькі прызвычайваюцца да мільгатання людзей на набярэжнай і робяць выгляд, што не заўважаюць нас. Ды і траціць процьму энергіі ў большыя ці меншыя маразы толькі каб схавацца ад ўяўнай пагрозы напэўна не вельмі разумна. Таму птушкі распушанымі амаль шарыкамі плаваюць па паверхні і часцей за ўсё ныраюць у пошуках здабычы ля самай кромкі прыбярэжнага льда.

Цікава, што пад вадой распушанае пер'е толькі перашкаджала б у пагоні за рыбай, але на паверхні коўра з'яўляецца ўжо з паднятым пер'ем - ізноў амаль як шарык. Як у яе так хутка атрымліваецца змяняць абрысы свайго цела, для мяне загадка. 

Нарэшце, пасля некалькі непаспяховых спробаў, коўра вынырвае з маленькім акуньком. Здабыча невялічкая, але калючая. Таму прыходзіцца двойчы перакладваць яе і падхопліваць у вадзе, каб правільна павярнуць і хутка праглынуць. Пасля гэтага птушка яшчэ больш распушваецца, максімальна хавае галаву у пер'е і нават спрабуе заснуць у невялікай заточцы з ільду пры беразе. Але плынь паднесла яе заблізка да берагу, падлятае шэрая варона (Corvus corone cornix), якая крычыць і можа нанесці шкоду. Коўра падхопліваее, адплывае далей і там ужо хавае дзюбу ў пер'е ізноў. 

Як ні дзіўна, такі адпачынак працягваўся толькі 8 хвілін. Пасля яго коўра неяк заўважна выходзіць з транса і зноў пачынае ныраць за рыбкамі - зімовы дзень кароткі і трэба да працяглай ночы забяспечыць сябе энергіяй да ранку.

Нёман у Гродна, 22-02-2026

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі