Дакументацыйныя здымкі
Нарэшце я вырашыў памыць вокны, і калі адчыніў адно з іх у большым пакоі, з куста фарзіцыі пад ім пачуў настойлівыя і частыя пазыўкі вялікай сініцы (Parus major). Калі ж я прыгледзеўся, то ўбачыў самку, якая сядзела на адной з галінак і голасам галодных птушанят выпрошвала ў самца ежу. Самец жа прыгаў пад кустом і збіраў там насякомых і павучкоў, даволі хутка прыносячы партнёршы адну порцыю за другой.
Праз хвіліну-дзве самка пераляцела на грэцкі арэх і там працягнулася тое самае: самка сядзела без руху і крычала-выпрошвала ежу, а самец недалёка збіраў і прыносіў ёй безхрыбетных. Яшчэ праз хвіліну пара перамясцілася на алешыну і там усё яшчэ раз паўтарылася. На жаль, фотакамеры ў мяне ў руках не было і ніводнага здымка гэтай пары, якая яўна толькі ўтваралася, я не зрабіў.
А пасля абеду, ужо праз памытыя вокны, я змог назіраць і паздымаць іншы від, сініх сініц (Cyanistes (Parus) caeruleus), пара якіх паводзіла сябе інакш. Самец і самка ў гэтага віду знешне не адрозніваюцца, але не адрозніваліся яны і паводзінамі. І самец, і самка самастойна абшуквалі яшчэ маленькія і не да канца раскрытыя лісцікі алешыны, а таксама яе старыя плады-арэхі. А што гэта пара, было зразумела з-за таго, што птушкі ўвесь час трымаліся разам, максімальная адлегласць паміж імі не перавышала 1 метра.
Гродна, 21-04-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 03.05.2023 - 19:43
Добрая падборка фатаграфій…
Добрая падборка фатаграфій сініх сініц.