Хаця першы самец рудахвосткі-чарнушкі (Phoenicurus ochruros) быў адзначаны ў Гродна яшчэ 13.03, на ўчастку берага, дзе я хажу двойчы на дзень, першы самец запеў толькі праз тыдзень. A іншыя самцы пачалі займаць ўздоўж берага свае тэрыторыі і яшчэ пазней - на прыканцы сакавіка.
Надвор'е ўвесь гэты час было розным - былі і сонечные і цёплыя дні, былі сонечные з марозікам і проста цёмныя і халодныя. Прычым часта, як гэта бывае ў сакавіку, надвор'е моцна змянялася нават на працягу аднаго дня. Пэўна таму я часта назіраў аднаго з самцоў на пастаянным ўчастку берага пад час палявання на насякомых і павучкоў. Па-першае, трэба было скарыстацца яшчэ не вельмі частымі перыядамі актыўнасці дробных безхрыбетных. Па другое, маскімальна пад'есці каб перажыць перыяд нестабільнага надвор'я не пакідаючы сваёй гнездавой тэрыторыі. Ну і па трэцяе, з-за нешматлікіх пакуль што суседзяў-самцоў і адсутнасцю самак можна было занадта часта не спяваць, а лепш заняцца іншай карыснай справай) (За ўвесь гэты час я бачыў толькі адну самку рудахвосткі-чарнушкі там)
Для рудахвостак прыроднае ці антрапагеннае паходжанне прысады, з якой яны літаральна саскокваюць уніз 'на ежу', перш выглядваючы месца і адпаведны момант, не мае значэння. Галоўнае, каб прысада была 'незавысокая і незанізкая'. Бо хаця высокая прысада дае магчымасць з аднаго месца ўбачыць больш, але з яе даўжэй прызямляцца і патэнцыйная здабыча можа паспець схавацца. А з вельмі нізкай хаця ні насякомае, ні павучок не мае часу на ўцёкі, бачна параўнальна мала, ды і сухая расліннасць можа перашкаджаць агляду. Агароджа ж, якая аддзяляе набярэжную ад часткі берага і непасрэдна вады за ім, аказалася самай зручнай з прысадаў: на ёй можна было сядзець на рознай вышыні непасрэдна над расліннасцю і нават у яе аснавання. Таму найчасцей самец паляваў-сасковаў у траву з яе, хаця і іншымі прысадамі не пагарджаў. Звычайна ён перамяшчаўся ўздоўж берага за раз на палову метра-метр у бок, рэгулярна саскокваючы і вяртаючыся вышэй на ўчастку даўжынёй метраў 20. Потым пералятаў у кусты за ходнікам і адтуль перамяшчаўся паміж імі ў пачатак свайго ўчастка і ўсё паўтаралася.
Іншыя самцы-суседзі з абодвух бакоў ўжо мелі свае тэрыторыі і не перашкаджалі адзін аднаму, але два дні таму я стаў сведкам хаця і кароткай, але жорсткай сутычкі: адзін самец напаў на другога на поручнях лесвіцы, якая вядзе на набярэжную, а трэці амаль без прамядлення далучыўся да іх, прыляцеўшы з боку т.зв. старога маста. Птушкі яўна сустрэліся недзе на мяжы сваіх участкаў і вырашылі паказаць адзін аднаму, што беспакарана такія паводзіны не пройдуць. А можа і дакладныя межы былі яшчэ невядомыя і такім чынам пасля будзе складана зрабіць выгляд, што ты заляцеў туды, куды не трэба, выпадкова.
31.03-10.04.2023, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ